Са Злыднем і Вадзяніком: у Менску прэзентавалі пятую калекцыю бонстыкаў
- 26.08.2018, 19:41
Тэмай для новай калекцыі сталі героі міфаў і легендаў Беларусі.
Ад жыхароў планеты Банітрон-24 паўгода не было навінаў. Доўгую паўзу перапыніла «таемная» прэзентацыя пятай калекцыі папулярных цацак, якая прайшла 26 жніўня ў сталічным Falcon Club, паведамляе tut.by.
– Была серыя малятаў, школьнікаў, гародніны і садавіны. Апошні раз збіралі навагоднія цацкі, – як апынулася, самыя жвавыя мамы разбіраюцца ў гісторыі бонстыкаў не горш, чым іх дзеці.
Іхнія падказкі спатрэбіліся ў фае Falcon Club, дзе адбываўся своеасаблівы «разагрэў» перад асноўнай прэзентацыяй. Мяркуючы, якімі будуць героі пятай калекцыі, дзеці перабягалі ад лакацыі з аквагрымам да фотазоны, разам з аніматарамі пералічвалі імёны персанажаў мінулых сэтаў і танчылі пад бон-музон – песні, напісаныя спецыяльна для любімых герояў дзятвы.
Але для пятай калекцыі тэма абраная значна больш сур'ёзная. Гэта героі міфаў і легендаў Беларусі, якія былі распрацаваныя пры падтрымцы супрацоўнікаў Нацыянальнай акадэміі навук. У выніку свет убачылі 24 персанажы, за дакладнасць кожнага з якіх дакладна можна не турбавацца.
Новых бонстыкаў прэзентавалі ў адным з залаў кінатэатра. З вялікага экрана дзяцей вітаў кароль Норд. Ён апавёў, як у мінулы прыезд жыхары планеты Банітрона адкрылі для сябе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі мноства старажытных кніг. Дзякуючы ім Норд цяпер гатовы пазнаёміць дзяцей з новымі жыхарамі ягонай планеты – героямі міфаў і легендаў Беларусі.
На экране адзін за адным узнікалі новыя бонстыкі – міфалагічныя істоты пяці зонаў пасялення: лесу (Лясун, Гаюн, Кук, Туросік, Вужалка), поля (Бялун, Паляся, Скрабнік, Жыж, Капялюшык), вады (Жэўжык, Азярніца, Вадзянік, Багнік, Цмок), дому (Хатнік, Хут, Баган, Вазіла, Паветніца) і «цёмнай» зоны (Вупырок, Злыдзень, Мэша, Гарцук). Каб знаёмства адбывалася весялей, аніматары разам з дзецьмі танцавалі пад пакуль незнаёмыя песні бонстыкаў (дарэчы, гэтыя 10 трэкаў у стылі рэп, рок, рэгі і дыска заўтра, 27 жніўня, будуць даступныя на ютуб-канале «Еўраопт Кідс»).
І гэта не адзіны прыклад, калі беларуская мова актыўна ўводзіцца ў прадукцыю. Сярод мноства суправаджальных тавараў калекцыі ў продажы з'явяцца, да прыкладу, беларускамоўныя размалёўкі з налепкамі.
Для кагосьці гэтыя героі – звычайны дадатак да гародніны, садавіны і цацак. А вось Павел, адзін з гасцей прэзентацыі, не хавае захаплення.
– Сюжэты антычных легендаў нашы дзеці ведаюць нашмат лепш, чым міфалогію ўласнай краіны. Ды і не ўсе дарослыя адкажуць, хто такі Жэўжык? А так дагэтуль называюць занадта актыўных дзяцей. Вельмі спадзяюся, што дзеці не толькі будуць масава захапляцца гэтымі міні-фігуркамі, а ў сутнасці папоўняць свае прабелы ў ведах міфалагічных істотаў. Калісьці нашы прабабулі і прадзеды арыентаваліся ў іх з лёгкасцю. Па-мойму, гэта бліскучая ідэя.
Для такіх найбольш актыўных карыстальнікаў стваральнікі бонстыкаў выпусцілі энцыклапедыю «Героі міфаў і легендаў Беларусі». Яна апавядае, дзе жыве кожны з персанажаў і чым любіць займацца (таксама можна будзе даведацца пра 26 герояў беларускай міфалогіі, якія не ўвайшлі ў калекцыю). Створаная энцыклапедыя ў тэхналогіі дапоўненай рэальнасці. Адзін з вядоўцаў тут жа прадэманстраваў на вялікім экране, як з дапамогай прыкладання Bonstics 3D можна «ажыўляць» кніжныя карцінкі і нават паслухаць герояў нацыянальных казак і легендаў. А таксама якія новыя гульні з бонстыкамі можна знайсці ўжо цяпер у App Store і iOS.
Фішкай жа мерапрыемства стала гіганцкая «чароўная прызма» з галаграмамі ўнутры: трэба было прыкласці нямала намаганняў, каб утрымаць на месцах дзяцей, якім не цярпелася падбегчы бліжэй да магічнага трыкутніку, у якім рухаліся і размаўлялі аб'ёмныя міфалагічныя істоты. Дакладна такія самыя прызмы, толькі кішэннага памеру, атрымае кожны, хто набудзе адмысловы калекцыйны альбом у выглядзе карты Беларусі. Прыладу трэба будзе ўсталяваць на экран смартфона і з дапамогай адмысловага прыкладання запусціць унутр прызмы анімаваную міфалагічную істоту. Калі ж надакучыць назіраць за цудамі тэхнікі, можна будзе пагуляць усёй сям'ёй у настольную гульню пра свет міфічных бонстыкаў – яна стане яшчэ адным бонусам спецальбома.
Калекцыя «Героі міфаў і легендаў Беларусі» і мноства бон-тавараў з'явяцца ва ўсіх крамах сеткі «Еўраопт» з 27 жніўня. А з 1 верасня на канале ОНТ стартуе першае айчыннае дзіцячае рэаліці-шоу «Бонстык-квэст па Беларусі». Яго будуць паказваць кожную суботу.
А вось шчаслівыя ўдзельнікі прэзентацыі атрымалі ў падарунак тыя самыя кнігі і альбомы, якія яны толькі што бачылі на экране. Многія тут жа, не выходзячы з кіназалы, сталі ўскрываць упакоўкі з бонстыкамі і абменьвацца паўторкамі. Ці пачалося новае бонстыка-вар'яцтва, ці кашалькі бацькоў будуць уратаваныя, даведаемся ўжо на наступным тыдні.