BE RU EN

Лондан трэці раз за тыдзень падняў «Тайфуны» праз расейскія самалёты

  • 26.08.2018, 19:50

Ваенна-транспартны Ан-26, а потым супрацьлодкавы Бе-12 наблізіліся да паветранай прасторы краінаў NATO над Чорным морам.

Каралеўскія Ваенна-паветраныя сілы Вялікай Брытаніі трэці раз за тыдзень паднялі над Чорным морам два сваіх знішчальнікі чацвёртага пакалення «Тайфун» (Typhoon) для таго, каб суправадзіць расейскія самалёты. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні на сайце брытанскіх ВПС, паведамляе РБК.

Інцыдэнт, паводле звестак прадстаўнікоў установы, адбыўся раніцай 25 жніўня. Спачатку да мяжы паветранай прасторы краіны NATO – Румыніі, – паводле іх звестак, наблізіўся расейскі ваенна-транспартны самалёт Ан-26, а за ім – супрацьлодкавы Бе-12. «Тайфуны», як адзначаецца ў паведамленні брытанскіх вайскоўцаў, узляцелі з авіябазы «Міхаіл Когэлнічану» ў Румыніі.

«Гэта ўжо трэці выпадак на гэтым тыдні, калі самалёты каралеўскіх ВПС у рамках місіі NATO ў патруляванні паветранай прасторы былі паднятыя для таго, каб стрымаць правакацыйныя дзеянні расейскіх самалётаў і супакоіць Румынію і сваіх хаўруснікаў у Альянсе», – падкрэсліваецца ў паведамленні ўстановы.

«Тайфуны», як адзначыў таксама пілот аднаго з брытанскіх знішчальнікаў, былі паднятыя ў паветра, каб “процідзейнічаць уварванню ў румынскую паветраную прастору над Чорным морам з усходу меркаванага расейскага самалёта” (пасля ён быў ідэнтыфікаваны як Ан-26). За ім, паводле словаў лётчыка, быў яшчэ адзін расейскі самалёт. “Тайфуны” праводзілі яго ў румынскай паветранай прасторы, усе мерапрыемствы праводзіліся бяспечна і прафесійна з абодвух бакоў», – сказаў на заканчэнне пілот.

Раней аналагічныя інцыдэнты адбываліся над Чорным морам 22 і 23 жніўня. Першы раз брытанскія знішчальнікі паднялі для пераследу расейскага Су-30, другі раз яны суправаджалі расейскі Бе-12.

Апошнія навіны