Другі ўраджай яблыкаў за год збіраюць пад Гомелем
- 28.08.2018, 16:08
Месяц таму дрэвы зацвілі, а цяпер з'явіліся новыя плады.
У пачатку жніўня kp.by распавядала аб незвычайным выпадку: пад Гомелем другім разам за год зацвілі яблыні. Жыхарка вёскі Старая Беліца вельмі здзівілася, калі на днях прыйшла ў свой агарод, каб сабраць агуркі. Яна заўважыла, што яе яблынька, якая дала добры ўраджай сёлета, зноў заквітнела! Журналісты папрасілі Ларысу Грыгарэнку трымаць у курсе - раптам пасля новых кветак з'явіцца і другі ўраджай. Так і адбылося: гаспадыня даслала фотаздымкі новых пладоў.
- Спачатку з'явілася завязь. Падыходжу перыядычна і правяраю: плады павялічваюцца з кожным днём! Цяпер яблычкі ўжо памерам крыху больш за грэцкі арэх, - кажа Ларыса.
Гаспадыня не ведае, які гэта гатунак яблыкаў - з выгляду і на смак яны падобныя на белы наліў. Гэтыя яблынькі з'явіліся ў агародзе ў вяскоўкі гадоў дзесяць таму, адкуль - дакладна не памятае. Адметна і тое, што гэтым летам яны ўпершыню далі ўраджай.
- Нават не ведаю, з чым звязаны такі ўраджай! Дрэвы не ўгнойвала, не палівала, асабліва не даглядала - раслі на лес гледзячы. Ім і вады нават не ставала, засуха ж. І тут такое! - захапляецца жанчына.
Дарэчы, суседнія яблынькі пазней далі першыя плады, і таксама нядаўна зацвілі. Так што цяпер на дрэўцах і яблыкі даспяваюць, і новыя кветкі растуць.
- Гэта не такая рэдкая з'ява, гэта характэрна для некаторых гатункаў, асабліва калі вегетатыўны сезон характарызуецца стрэсамі - тое што мы назіраем сёлета, - каментуе доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Зоя Казлоўская. - Адбываецца такое і з грушамі. Вядома, багатага квітнення няма, і завязь - гэта не паўнавартасны ўраджай, плады будуць невялікімі. Другія яблыкі ўжо не будуць таварнымі пладамі, такімі як ад травеньскага цвіцення.
Прафесар дадала, што другі ўраджай не з'яўляецца прычынай таго, што яблыня ўпершыню дае ўраджай. Белы наліў уваходзіць у лік тых гатункаў, якія пры стрэсавых кліматычных умовах другі раз квітнеюць і завязваюцца. Пад стрэсавымі ўмовамі разумеюць, напрыклад, цяперашняе лета: была спякота, затым пахаладала і прайшлі дажджы, потым зноў пачалася спякота. Гэта выклікала паўторнае цвіценне.
Для дрэва нічога дрэннага ў гэтым няма - яшчэ дастаткова часу, каб расліна падрыхтавалася да зімы. Максімум, што можа адбыцца - у наступным годзе яно дасць меншы ўраджай.