BE RU EN

У «бітве за ўраджай» з'явіліся першыя страты

  • 4.08.2018, 20:41

У разгар уборачнай пазбавіліся пасад тры чыноўнікі сельскагаспадарчай галіны Віцебскай вобласці.

Як стала вядома «ННВ» вызваленыя ад пасадаў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Віктар Аскерка, які курыраваў аграпрамысловы комплекс, старшыня камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Фёдараў, а таксама генеральны дырэктар Віцебскага канцэрна «Мяса-малочныя прадукты» Віктар Славецкі.

Чуткі пра зняцце ў разгар уборачнай чыноўнікаў, якія курыруюць сельскую гаспадарку вобласці, і кіраўніка найбуйнейшага аграпрамысловага канцэрна рэгіёну з'явіліся тыдзень таму. Цяпер «ННВ» змаглі атрымаць пацверджанне гэтай інфармацыі з неафіцыйнай крыніцы. На сайце аблвыканкама пасады Аскеркі і Фёдарава ўжо вакантныя, але на сайце «Мяса-малочных прадуктаў» гендырэктарам указаны пакуль Славецкі.

Віктару Аскерку 58 гадоў, намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама ён стаў у пачатку 2016 года, а да гэтага быў дырэктарам унітарнага прадпрыемства «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў».

У канцы таго ж года камітэт сельскай гаспадаркі і харчавання аблвыканкама ўзначаліў Іван Фёдараў, які раней працаваў намеснікам старшыні гэтага камітэта.

А вось Віктар Славецкі ўзначальваў Віцебскі канцэрн «Мяса-малочныя прадукты» амаль дзесяць гадоў. Акрамя таго Славецкі, якому цяпер 56 гадоў, абіраўся дэпутатам Віцебскага аблсавету ў 2014 і 2018 гадах. Характэрна, што ў траўні гэтага года ён быў узнагароджаны ордэнам Пашаны.

Апошнія навіны