Як Аляксандр Кулінковіч задаў нязручнае пытанне Лукашэнку
- 4.08.2018, 21:34
Памяці вялікага музыкі.
Я слухаў «Нейра Дзюбель» яшчэ са школьных часоў. Тады запісы гэтага гурту сярод слуцкай моладзі распаўсюджваліся яшчэ на касетах. Падпольна. Гэта было часткай мясцовага андэграўнду. Мы прыходзілі ў госці адзін да аднаго, ставілі касеты на запіс. Часта якасць запісаў была вельмі жахлівай праз тое, што капіявалі «копіі копій копій касет». Але гэта былі дробязі, піша Алесь Дастанка для сайта «Слуцкий курьер».
Я дакладна ведаю, што сярод случчакоў ёсць тыя, хто слухалі і слухаюць гэтую групу, і былі на яе канцэртах. І для іх саліст Аляксандр Кулінковіч - не проста імя нейкага чарговага спевака. Можна шмат гаварыць пра яго творчасць, па-рознаму ставіцца да панк-року і мацерных слоў у яго песнях. Хтосьці нават скажа: так, быў хуліганістым панкам у творчасці, але па жыцці быў ціхім, сціплым і нават залішне добры чалавекам.
Яшчэ ён быў не толькі спеваком. Вёў выдатную калонку для незалежнага сайта NAVINY.BY і газеты «Савецкая Беларусь».
Я не ведаў яго асабіста, хоць, будучы ўжо журналістам, мімаходам перасякаўся з ім. Але ў любым выпадку, навіна аб яго смерці зачапіла. Бо з яго песнямі і публікацыямі звязана шмат успамінаў. Але запомніўся Аляксандр Кулінковіч не толькі гэтым.
У студзені 2013 года на прэс-канферэнцыі Лукашэнкі Аляксандр Кулінковіч задаў яму пытанне: «Чаму існуюць гэтыя «чорныя спісы» дзеячаў культуры?». Ён меў на ўвазе нейкія меркаваныя спісы, праз якіх многія беларускія музыкі амаль ці ўвогуле не могуць выступаць у сваёй роднай краіне.
Тады Лукашэнка адказаў, што нічога пра «чорныя спісы» не ведае і даручыў далажыць пра іх. Лідар «Нейра Дзюбеля» паставіўся да такой заявы скептычна, але 6 траўня 2013 года ў клубе «Re: Public» адбыўся канцэрт-фэст «Дзень Радыё», на якім упершыню за паўтарагадовае існаванне клуба гурт адкрыта выступіў пад сваёй назвай.
Канцэрт быў арганізаваны «Еўрарадыё» з мэтай высветліць, ці сапраўды шэраг гуртоў быў выкраслены з сакрэтнага «чорнага спісу», і фактычна азначаў зняцце з гурту тайных забарон.
Больш мне сказаць няма чаго. Проста прачытайце матэрыялы тых, хто ведаў яго лепш.