BE RU EN

78-гадовую ізраільцянку не хацелі пускаць у Беларусь

  • 6.08.2018, 21:51

Беларускія памежнікі не патлумачылі жанчыне, чаму яе не пускаюць.

Грамадзянка Ізраіля Клара шмат гадоў прылятала на адпачынак у беларускія санаторыі. Гэтае лета не стала выключэннем. У панядзелак у чатыры раніцы жанчына прыбыла ў нашу краіну з двума сяброўкамі, дачкой, зяцем і праўнучкай. Вось толькі гэтым разам праз мяжу яе не прапусцілі і папярэдзілі, што найбліжэйшым рэйсам адправяць у Тэль-Авіў. Праз паўгадзіны пасля таго, як родныя турысткі звярнуліся ў рэдакцыю tut.by, жанчыне дазволілі перасячы мяжу.

Клары 78 гадоў, калі турыстка не змагла перасекчы мяжу, яна звязалася з блізкімі ў Ізраілі. Са слоў яе сваяка Андрэя, беларускія памежнікі не патлумачылі жанчыне, чаму яе не пускаюць. Астатнія пяць чалавек кантроль прайшлі.

У панядзелак раніцай Андрэй паехаў у пасольства Беларусі ў Ізраілі. Пачуўшы пра сітуацыю, дыпламат адказаў, што ведае, у чым праблема: «Такія выпадкі ўжо былі».

А сітуацыя ў наступным: у Клары падвойнае грамадзянства - расейскае і ізраільскае. Летась яна прыляцела ў Беларусь па ізраільскаму пашпарту, а потым як расейка па адпаведным дакументам паляцела ў Маскву. А з Масквы зноў жа па расейскім пашпарце ў Тэль-Авіў.

- Атрымалася, што ў ізраільскім пашпарце не пазначана, што яна выбыла з Беларусі, - працягвае Андрэй. - Увесь год да яе не было ніякіх пытанняў, а цяпер у краіну яе не пусцілі. Яна прапанавала памежнікам паказаць штамп пра вылет у расейскім пашпарце, але яны нават не сталі глядзець. Змясцілі ў транзітную зону, у нейкі маленькі кабінет. Добра, у яе быў смартфон, і яе падключылі да Wi-Fi.

Са слоў Андрэя, Клары сказалі: а 7.30 раніцы найбліжэйшы рэйс у Ізраіль, на ім турыстка і паляціць дадому. Вось толькі квіткоў на борт не было, таму вандроўніцы давядзецца чакаць наступнага рэйса. А ён у аўторак вечарам.

- Але ж законаў яна не парушала, - упэўнены Андрэй. - У Расеі, калі ў цябе падвойнае грамадзянства, ты абавязаны вылецець па расейскім пашпарце. Да таго ж, гэта сталы чалавек. Яна нервуецца. У яе ціск пад 180. Не ведаю, чым гэта скончыцца, сітуацыя небяспечная.

Нагадаем, з лістапада 2015 года паміж Беларуссю і Ізраілем дзейнічае бязвізавая сістэма. Аднак, кажуць у пасольстве Ізраіля ў Беларусі, сітуацыя з Кларай не адзіная. З іх слоў, на мінулым тыдні было тры ці чатыры выпадкі, калі грамадзян Ізраіля не прапусцілі ў Беларусь. Прычына, кажуць у дыпламатычным ведамстве, пакуль незразумелая.

- Мы ўжо звярнуліся ў МЗС Беларусі, але адказу пакуль не атрымалі, - кажуць у пасольстве.

У Дзяржаўным памежным камітэце растлумачылі: паводле закона праз сітуацыю, якая ўзнікла турыстку павінны былі адправіць у Ізраіль найбліжэйшым рэйсам. Аднак з ініцыятывы ведамства, улічваючы ўзрост жанчыны, была прынятая пастанова прапусціць яе ў Беларусь. Клара з роднымі і сяброўкамі зможа адпачыць у санаторыі.

Інфармацыю пра тое, што на мінулым тыдні некалькіх грамадзян Ізраіля не прапусцілі ў Беларусь, у Дзяржаўным памежным камітэце не пацвердзілі.

Апошнія навіны