CNN: Масква перадала папярэджанне амерыканскім вайскоўцам у Сірыі
- 7.09.2018, 13:09
Расея рыхтуецца да нанясення ўдару па тэрыторыі, дзе можа знаходзіцца вайсковая база ЗША.
Расея папярэдзіла ЗША, што яе авіяцыя, а таксама сірыйскія ўрадавыя войскі рыхтуюцца да нападу на рэгіён на поўдні краіны, у якім размешчаны дзясяткі амерыканскіх вайскоўцаў. Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на амерыканскіх вайсковых чыноўнікаў, піша РБК.
Згодна з заявамі Масквы, у рэгіёне, які абараняюць амерыканскія вайскоўцы, знаходзяцца баевікі. Паведамленні з Масквы падвысілі асцярогі амерыканскіх чыноўнікаў, што наступ паставіць пад пагрозу жыцці вайскоўцаў ЗША.
Са слоў крыніц тэлеканала, гаворка ідзе пра базу міжнароднай кааліцыі ў барацьбе з «Ісламскай дзяржавай» (забароненая ў Расеі арганізацыя), якая размяшчаецца ў Гэт-Танфе. База размешчаная недалёка ад мяжы Сірыі, Ярданіі ды Ірака і мае «ключавое значэнне» ў барацьбе ЗША і Расеі за ўплыў у рэгіёне, адзначае CNN.
У Пентагоне асцерагаюцца, што Расея можа выкарыстаць авіяцыю і карабельнае ўзбраенне для ўдараў па пазіцыях узброеных фармаванняў, якія Масква ўважае за баевікоў. «Мы ім настойліва раілі трымацца далей ад Гэт-Танфа, - сказала тэлеканалу адная з крыніц. - Мы настроеныя на адказ». Паводле ягоных слоў, ЗША не маюць намеру ваяваць з урадам Сірыі або іх хаўруснікамі, але ў выпадку атакі гатовыя даць прапарцыйны адказ для абароны ўласных войскаў.
Эт-Танф ужо быў у цэнтры спрэчкі паміж ЗША і Расеяй. Так, 1 верасня Мінабароны Расеі заявіла, што дыверсійная група баевікоў паспрабавала прарвацца да Пальміры, дзейнічаючы менавіта з Эт-Танфа. Цэнтр падрыхтоўкі баевікоў, як заявілі ў расейскай вайсковай установе, знаходзіцца паблізу амерыканскай вайсковай базы. «Палонны тэрарыст паведаміў, што для здзяйснення акцыі ў падрыхтоўцы іх групы бралі ўдзел і амерыканскія інструктары, а таксама з амерыканскай базы пастаўлялася зброю і боепрыпасы», - сцвярджалася ў заяве расейскага Цэнтра замірэння варожых бакоў у Сірыі.
РБК накіраваў запыт у Міністэрства абароны Расеі.