Канцэрт памяці Аляксандра Кулінковіча пройдзе 25 кастрычніка
- 7.09.2018, 19:10
Грошы з канцэрту пойдуць на помнік беларускаму рок-музыку.
25 кастрычніка ў Prime Hall (праспект Пераможцаў, 65) адбудзецца вялікі канцэрт, прысвечаны памяці Аляксандра Кулінковіча.
Рок-музыка памёр 4 жніўня ў 46-гадовым узросце. Яго гурту «NeuroDubel» у 2019-м споўніцца 30 гадоў. Наступным летам Кулінковіч планаваў адзначыць юбілей канцэртам у Prime Hall, паведамляе euroradio.fm.
На канцэрце памяці свайго лідара гурт «Neuro Dubel» зайграе праграму з больш чым трыццаці песень. Таксама з гуртам праспяваюць сябры і калегі Кулінковіча - Лявон Вольскі, Алег Хаменка, Юрый Сатыльскі, Ігар Варашкевіч, Уладзімір Пугач, Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Памідораў, Аляксандр Саладуха, Алесь Мышкевіч, Алесь Лютыч, Зоя Схончык, Ангус Тарнада, Lesli Knife, Дзяніс Тарасенка, гурт «Велосипедистов».
Грошы з канцэрту пойдуць на помнік Аляксандру Кулінковічу, выданне зборніка яго публіцыстыкі, а таксама альбома з фотаздымкамі гурту.
Квіткі на канцэрт можна набыць у касах і на сайце Kvitki.by, а таксама ў касе і на сайце Prime Hall.