«Я вашых грошай не браў, іх забраў выканкам»
- 27.01.2019, 15:29
Што кажа абвінавачаны паводле «справы падманутых дольшчыкаў» у Гомелі.
Канстанцін Царкоў, якога абвінавачваюць у махлярстве і крадзяжы ў асабліва буйнай суме, выступіў у судзе з апошнім словам. У тым, што ён за кратамі, а людзі без грошай і кватэр, ён вінаваціць мясцовую ўладу, паведамляе tut.by.
Мужчына сцвярджае, што гэта не ён падмануў, а яго. Кажа, што зямлю, на якой павінна была з'явіцца другі дзесяціпавярховік, у яго канфіскавалі з парушэннямі закона. Бо, нягледзячы на тое, што самога дома не было, кампанія ўжо праклала камунікацыі і ўклала ва ўладкаванне будаўнічай пляцоўкі немалыя грошы. Можна было пачакаць і даць прадпрымальніку шанец, а не адбіраць участак. Царкоў мяркуе, што гэта было зроблена адмыслова.
- Першапачаткова было запланавана завабіць максімальную колькасць кліентаў, завабіць «ЦэнтрЛізінг» у будаўніцтва інжынерных сетак і такім чынам зэканоміць ад мільёна да паўтара, каб УКБ далей мог пабудаваць на гэтым месцы другі дом (...) Органы папярэдняга следства былі ўведзеныя ў зман што да матываў маіх дзеянняў і мяне самога праз заведама непраўдзівыя паказанні супрацоўнікаў дзяржорганаў, якія ажыццяўлялі адміністрацыйныя працэдуры і складалі афіцыйныя адказы для ўтойвання гэтага рэйдэрскага захопу, - заявіў ён.
У канцы сваёй прамовы Царкоў паабяцаў вярнуць запазычанні ўсім асобам, што ўклаліся ў будаўніцтва.
- Я вашых грошай не браў, іх забраў аблвыканкам. Я, чаго б мне гэта ні каштавала, праз тры месяцы, праз шэсць месяцаў, шэсць гадоў усім усё вярну, - запэўніў абвінавачаны.
Тыя, з кім Царкоў не разлічыўся, яму не вераць, тыя ж, каму дырэктар «ЦэнтрЛізінга» паспеў вярнуць частку грошай, па-ранейшаму патрабуюць вызваліць абвінавачанага і, як і ён, вінавацяць ва ўсім ўладу. Людзі наракаюць, што ў Беларусі няма законаў, якія б абаранялі ўладальнікаў жыллёвых аблігацый.
- Усё было легальна, у газетах рэклама ішла, улада нам паабяцала, што ўсё пад кантролем, мы паверылі. А цяпер атрымліваецца, што нас яны падманулі, - сказаў адзін з пацярпелых.
- Мы, калі ў яго канфіскавалі ўчастак, хадзілі самі да мэра, прасілі, каб працягнулі тэрмін дзеяння ўчастка, каб далі яму дабудаваць, а яго замест гэтага пасадзілі. А горш цяпер толькі нам, - падтрымаў яго іншы.
Гэтая гісторыя доўжыцца ўжо больш за 8 гадоў. У 2010 годзе прыватная кампанія ТАА «ЦэнтрЛізінг» выйграла конкурс на будаўніцтва двух дзесяціпавярховікаў з падземнымі паркінгамі. Людзей прапанова зацікавіла - цана новабудоўляў была ніжэйшая за гарадскую, плюс ўдалае месцазнаходжанне - у самым цэнтры горада.
Дольшчыкам прапаноўвалася набыць жыллёвыя аблігацыі, выпушчаныя забудоўшчыкам. Кожная з аблігацый па цане была эквівалентная квадратнаму метру ў планаванай новабудоўлі.
Людзі кажуць: на той момант у іх не было ніякіх сумневаў, што кватэры яны пабудуюць без асаблівых праблем. Бо адзін з дамоў да таго часу быў ужо ўзведзены, а забудоўшчык запэўніваў, што абодва дамы - цэльны праект, такім чынам, і хвалявацца не варта.
Аднак будаўніцтва другога дома ўсё адкладвалася. Пазней стала вядома, што кампанію пазбавілі права на будаўніцтва, а ўчастак, які адводзіўся пад узвядзенне дома, канфіскавалі. Тады людзі захацелі здаць аблігацыі, але высветлілася, што зрабіць гэта будзе няпроста. Царкоў рэдка выходзіў на сувязь. Улетку 2017 года прадпрымальніка затрымалі.
39-гадовага Кастуся Царкова абвінавацілі ў махлярстве, учыненым у асабліва буйнай суме, а таксама ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, таксама ўчыненым у асабліва буйнай суме.
Пракурор папрасіў прызначыць прадпрымальніку шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Прысуд Канстанціну Царкова будзе агучаны 28 студзеня.