BE RU EN

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» злавіў фальсіфікатараў за руку

  • 24.10.2019, 20:08

Сябры выбаркама Бабруйскай Першамайскай акругі №79 дапусцілі памылку, якая выдала іх з галавой.

Кандыдат у дэпутаты ад «Еўрапейскай Беларусі» Арсень Чыгір учора атрымаў першае папярэджанне. Сёння ў выбарчай камісіі Бабруйскай Першамайскай акругі №79 яму выдалі яго ў пісьмовым выглядзе, паведамляе прэс-служба грамадзянскай кампаніі.

Калі актывіст пачаў чытаць дакумент, то са здзіўленнем выявіў, што замест яго прозвішча там пазначанае прозвішча Арцёма Чарняка - прадстаўніка «Еўрапейскай Беларусі», які балатуецца ў Менску ў Партызанскай акрузе №110.

- Мы ўжо бачым, што кожны дзень кандыдатам у дэпутаты ад «Еўрапейскай Беларусі» выдаюць па некалькі папярэджанняў з абсурдных падстаў. Думаю, што ў выбарчых камісіях тых акруг, дзе балатуюцца прадстаўнікі нашай каманды, ёсць яе поўны спіс. І хутчэй за ўсё, ён складзены ў алфавітным парадку, прозвішчы Чыгір і Чарняк знаходзяцца побач. Сябры выбаркама проста скапіявалі не тое прозвішча.

Другі варыянт - папярэджанні пішуцца па шаблоне, прозвішча забыліся памяняць. Арцём Чарняк як раз атрымаў папярэджанне за пару гадзін да мяне.

Іншага лагічнага тлумачэння, чаму мяне пераблыталі з кандыдатам, які балатуецца ў Менску і - якое супадзенне! - таксама прадстаўляе «Еўрапейскую Беларусь», я не бачу.

Відавочна, рашэнне аб масавых папярэджаннях і зняцці прадстаўнікоў нашай каманды прымалася цэнтралізавана і на высокім узроўні. Таксама відавочна, што прадстаўнікоў уладаў раздражняе і наша актыўнасць і нашы лозунгі і патрабаванні. Значыць, будзем працягваць рухацца ў тым жа кірунку.

Лукашэнка павінен сысці!

Апошнія навіны