BE RU EN

У Нідэрландах арыштаваныя акцыі аператара «Турэцкага струменю»

  • 26.10.2019, 20:55

Справа звязана са спрэчкай «Газпрама» і ўкраінскага «Нафтагаза».

Сто адсоткаў акцый кампаніі South Stream Transport B.V., якая займаецца будаўніцтвам газаправода «Турэцкі струмень», былі арыштаваныя пастановай акруговага суда Амстэрдама, паведамляе «Нямецкая хваля».

Факт арышту акцый у пятніцу, 25 кастрычніка, пацвердзілі прадстаўнікі кампаніі, звязанай з расейскім «Газпрамам». Самая пастанова была прынятая судом двума днямі раней. Як напісаў выканаўчы дырэктар «Нафтагаза Украіны» Юрый Вітрэнка на сваёй старонцы ў Facebook, пастанова была прынятая ў рамках справы аб «ашуканскіх дзеяннях» «Газпрама», які перадаў 100% акцый South Stream «Газпрам трансгаз Краснадар», сваёй даччынай кампаніі, «за адзін дзень да таго, як судовыя выканаўцы пачалі замарозку актываў «Газпрама» ў Нідэрландах паводле пазову «Нафтагаза». Украінская кампанія не прызнавала гэтую ўгоду, бо разважыла, што яе правялі для таго, каб пазбегнуць арышту актываў.

Пры гэтым непасрэдна ў South Stream заяўляюць, што арышт акцый кампаніі не адаб'ецца на працы «Турэцкага струменю». «Гэтая акалічнасць ніяк не паўплывае на будаўнічыя работы або эксплуатацыю марскога газаправода «Турэцкі струмень». Акцыі застаюцца ва ўласнасці ТАА «Газпрам трансгаз Краснадар». На сёння мы рыхтуемся да першых пастаўках газу праз газатранспартную сістэму «Турэцкі струмень» запланаваных на канец 2019 года», - прыводзіць «Інтэрфакс» словы прадстаўнікоў кампаніі.

Стакгольмскі арбітраж абавязаў «Газпрам» выплаціць «Нафтагазу» 4,63 мільярда даляраў за недапастаўкі аб'ёмаў газу для транзіту. З улікам таго, што раней суд пацвердзіў завінавачанасць украінскага боку за пастаўкі газу на 2,018 мільярда даляраў, па выніках двух арбітражных спрэчак на пастаўку і транзіт, «Газпрам» павінен даплаціць «Нафтагазу» 2,56 мільярда даляраў. «Газпрам» заявіў, што абскардзіць гэтыя пастановы. 31 снежня 2019 года заканчваецца кантракт «Газпрама» і ўкраінскага «Нафтагаза». На перамовах у канцы верасня Расея, Украіна і ЕЗ прыйшлі да пагаднення, што транзіт газу з 2020 года павінен быць арганізаваны паводле еўрапейскага правв, калі ўкраінскі ўрад паспее прыняць яго пункты да 1 снежня. На 28 кастрычніка прызначаны чарговы раўнд перамоў.

Апошнія навіны