BE RU EN

«Святло над жыхарамі краіны»: У Горадні прывезлі Бэтлеемскі агонь

  • 19.12.2019, 21:35

Далей яго перададуць у Менск.

Згодна з традыцыяй гарадзенскія рыма-каталікі прынялі ад сваіх польскіх адзінаверцаў Бэтлеемскі агонь міру. Далей яго перададуць на ўсход: у Менск і ў Расею, паведамляе «Белсат».

Урачыстую службу ў гарадзенскім Фарным касцёле правялі адразу некалькі святароў: гарадзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч і пробашч Фарнага касцёлу Ян Кучынскі.

Ліхтар з агнём праз напоўнены паўзмрокам барочны касцёл да алтара, пад гукі аргану, пранесла дзяўчынка-скаўт. Толькі пасля гэтага запалілася святло.

На сімвалічным узроўні першапачатковая цемра ў храме асацыюецца з цёмнай і халоднай пячорай ў Бэтлееме, дзе нарадзіўся Хрыстос, а таксама з грэшным светам, у які ён прыйшоў.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч у сваім казанні адзначыў, што хутка каталікі будуць адзначаць свята Божага Нараджэння і аддаваць пашану Езусу Хрысту, Сыну Божаму. Таксама ўзгадаў момант з прароцтва Ісаі: «Народ, які хадзіў у цемры, убачыў Святло вялікае. Над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла Святло, бо Дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам…»

Вернікі пасля гэтага мелі магчымасць запаліць загадзя падрыхтаваныя свечкі ад Бэтлеемскага агню, каб перанесці іх у свае дамы і кватэры.

Сама ж традыцыя перадачы Бэтлеемскага агню была распачатая яшчэ ў 1986-м годзе ў Аўстрыі і аб'ядноўвае хрысціянаў розных канфесій: і каталікоў, і праваслаўных.

Апошнія навіны