BE RU EN

ЗША: Лібійскі канфлікт абвастрыўся праз удзел у ім расейскіх наймітаў

  • 21.12.2019, 21:32

Пра гэта заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамента.

Злучаныя Штаты «вельмі занепакоеныя» ўзмацненнем канфлікту ў Лібіі і колькасцю расейскіх наймітаў, якія падтрымліваюць сілы Халіфы Хафтара, што вядзе да павелічэння ахвяр. Пра гэта ў суботу заявіў высокапастаўлены прадстаўнік Дзярждэпартамэнту, паведамляе «Голас Амерыкі».

ЗША па-ранейшаму прызнаюць Урад нацыянальнай згоды на чале з Фаезам аль-Сераджам, паведаміла крыніца, дадаўшы, што Вашынгтон не падтрымлівае ў гэтым канфлікце ні адзін з бакоў, камунікуючы з усімі ўдзельнікамі, якія могуць паўплываць на ўкладанне пагаднення.

«Мы вельмі занепакоеныя абвастрэннем вайсковага супрацьстаяння. Мы бачым, што расейцы выкарыстоўваюць гібрыдныя сродкі, выкарыстоўваюць беспілотнікі і самалёты... Гэта дрэнна», - сказаў суразмоўца Reuters.

«У сувязі з ростам колькасці паведамленняў пра сілы ПВК Вагнера і наёмнікаў на месцах, мы думаем, што гэта мяняе агульны выгляд канфлікту і ўзмацняе яго», - сказаў суразмоўца, які гаварыў на ўмовах ананімнасці.

Так званую Лібійскую нацыянальную армію, якую ўзначальвае маршал Халіфа Хафтар, падтрымліваюць Егіпет, ААЭ і, з нядаўніх часоў, расейскія найміты. Пра гэта кажуць дыпламаты і прадстаўнікі Трыпалі. Гэта пытанне абмяркоўвалася падчас нядаўніх перамоў дзяржсакратара Майка Пампэа і ягонага расейскага калегі Сяргея Лаўрова.

Пампэа заявіў, што вайсковага развязання гэтага канфлікту не існуе, і што Вашынгтон заклікаў іншыя краіны не пасылаць зброю ў Лібію. Дзяржсакратар нагадаў Сяргею Лаўрову аб эмбарга РБ ААН на пастаўку зброі ў Лібію.

Прадстаўнік Дзярждэпартамента дадаў, што ўдзел вагнераўцаў не змяніў расстаноўку сіл на карысць Хафтара. «Гэта спрыяе канфлікту, які вядзе да гібелі большай колькасці чалавек, да павелічэння шкоды для цывільнага насельніцтва, для інфраструктуры, аэрапортаў, лякарняў... Але ў той жа час, мы не бачым, што Хафтар перамагае», - дадала крыніца.

Апошнія навіны