BE RU EN

Браўдэр асудзіў Лондан за адсутнасць санкцый па «закону Магніцкага»

  • 13.02.2019, 21:38

Сярод краін, якія прынялі «закон Магніцкага», толькі Вялікабрытанія не ўвяла санкцыі.

У адрозненне ад пяці іншых краін (ЗША, Канада, Эстонія, Латвія і Літва), якія прынялі так званы закон Магніцкага, Вялікабрытанія не ўвяла санкцыі супраць карупцыянераў і парушальнікаў правоў чалавека з Расеі, заявіў на слуханнях у міжнародным камітэце палаты абшчын брытанскага парламента бізнэсовец Уільям Браўдэр. Трансляцыя слуханняў вялася на сайце парламента, паведамляе РБК.

«Афіцыйнае тлумачэнне: увесці санкцыі немагчыма паводле законаў Еўразвязу, пакуль краіна не пакіне ЕЗ. Але я працаваў разам з самымі паважанымі экспэртамі па санкцыях, яны сцвярджаюць, што краіна валодае гэтымі магчымасцямі», - заявіў Браўдэр. Тлумачэнне немагчымасці ўвесці санкцыі асаблівасцямі ўзаемадзеяння з Еўразвязам таксама не вытрымлівае крытыкі, бо тры прыбалтыйскія краіны таксама ўваходзяць у Еўразвяз, але гэта не перашкодзіла ім прыняць закон і выканаць яго, указаў Браўдэр.

Брытанскі парламент прыняў «закон Магніцкага» ў траўні 2018 года. Ён надзяліў урад Брытаніі правам адмаўляць у візах асобам, абвінавачаным у грубых парушэннях правоў чалавека і ў карупцыі, піша Бі-бі-сі.

Нежаданне брытанскіх уладаў прымяняць санкцыі Браўдэр патлумачыў тым, што некаторыя сябры парламента, а таксама былыя высокапастаўленыя чыноўнікі паспяхова лабіруюць інтарэсы расейцаў у Вялікабрытаніі, абараняючы іх. Бізнэсовец абяцаў даць пісьмовыя звесткі пра тых грамадзян Вялікабрытаніі, якія як мяркуецца, атрымлівалі ўзнагароду ад расейцаў за неўключэнне тых у санкцыйныя спісы. У ходзе слуханняў Браўдэр назваў толькі імя лорда Грэгары Баркера, які дамогся выключэння з-пад амерыканскіх санкцый кампаніі Алега Дзерыпаскі En+. 8 лютага стала вядома пра прызначэнне Баркера на пасаду выканаўчага старшыні рады дырэктараў кампаніі. Са слоў Браўдэра, амерыканскія кангрэсмены распавялі яму, што не пагадзіліся б з вывадам En+ з-пад санкцый, калі б іх не пераканаў Баркер.

На думку бізнэсоўца, Вялікабрытаніі варта каардынаваць санкцыйную палітыку з Канадай і ЗША, каб не заставацца бяспечнай гаванню для тых, хто трапіў у гэтых двух краінах пад «закон Магніцкага».

У ходзе слуханняў Браўдэр падтрымаў прыняцце закона аб рэгістрацыі замежных агентаў у Вялікабрытаніі. У заканадаўстве краіны няма аналага амерыканскага закона FARA (Foreign agents registration act). Пра неабходнасць распрацоўкі і прыняцця такога акту заявіў сябра палаты абшчын Боб Сілі. «Цалкам ясна, што нам патрэбны закон аб замежных агентах, які рэгістраваў бы людзей і арганізацыі, банкіраў, юрыстаў і іншых, хто дзейнічае ў інтарэсах замежных дзяржаў і іх прадстаўнікоў, аказваючы ўплыў на палітыку», - цытуе Сілі Sky News.

Апошнія навіны