BE RU EN

Еўрапарламент заклікаў афіцыйна прыпыніць перамовы аб уступленні Турцыі ў ЕЗ

  • 13.03.2019, 20:42

У Еўрапарламенце аргументавалі сваё рашэнне тым, што ў Турцыі ігнаруюцца правы чалавека і грамадзянскія свабоды.

Еўрапарламент зацвердзіў справаздачу камітэта ў замежных справах з заклікам да Еўракамісіі і дзяржаваў-сябраў афіцыйна прыпыніць перамовы з Турцыяй пра ўступленне ў ЕЗ, паведамляе eurointegration.com.

Пра гэта паведаміла ў Twitter аўтар справаздачы еўрадэпутат Каці Піры.

«Еўрапейскі парламент толькі што прыняў маю справаздачу аб Турцыі, паклікаўшы лідараў ЕЗ афіцыйна спыніць перамовы аб далучэнні і паказаць салідарнасць з турэцкімі дэмакратамі», - напісала Піры.

Камітэт аргументаваў сваю пастанову тым, што ў Турцыі ігнаруюцца правы чалавека і грамадзянскія свабоды, аказваецца ўплыў на судовую сістэму, не вырашаныя спрэчкі з Кіпрам і іншымі суседзямі.

У МЗС Турцыі раней раскрытыкавалі пастанову камітэта, назваўшы яе непрымальнай.

Турцыя кажа, што сяброўства ў ЕЗ застаецца адной з галоўных стратэгічных мэтаў, нягледзячы на тое, што перамовы аб уступленні, афіцыйна пачатыя ў 2004 годзе, гадамі знаходзяцца ў замарожаным стане.

Апошнія навіны