У Берасці на Вялікдзень кармілі галубоў на знак пратэсту супраць завода АКБ
- 28.04.2019, 14:32
Берасцейцы, якія выйшлі пратэставаць, павіншавалі адзін аднаго са святам.
Больш за 75 чалавек выйшлі 28 красавіка на плошчу Леніна ў Берасці на традыцыйнае кармленне галубоў на знак пратэсту супраць будаўніцтва побач з горадам акумулятарнага завода. Сярод іх былі і тыя, каго на гэтым тыдні аштрафавалі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве - шэсці супраць завода 7 красавіка, паведамляе «Брестская газета».
Са слоў праваабаронцы Рамана Кісляка, было вельмі шмат міліцыі, як у форме, так і ў цывільным - ён налічыў больш за 15 чалавек. Людзей зноў папярэдзілі пра адказнасць за парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах.
Акрамя таго, за падзеямі на плошчы назіралі прадстаўнікі праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хельсінскі камітэт».
У адрозненне ад апошніх тыдняў, на плошчы не праводзілася ніякага мерапрыемства. Змагары за экалогію павіншавалі адзін аднаго з Вялікаднём, пагутарылі і разышліся. Падчас і пасля маўклівай акцыі пратэсту затрыманняў не было.
Нагадаем, перад Вялікаднём быў затрыманы і адпраўлены ў ІЧУ да суда адзін з лідараў пратэстнага руху Дзмітрый Бекалюк.
Кармленне галубоў праходзіць у Берасці кожную нядзелю, пачынаючы з 4 сакавіка мінулага. У розны час прыходзіла ад 20 да больш за 300 чалавек.
Нягледзячы на шматлікія заяўкі на правядзенне мітынгаў, пікетаў і дэманстрацый, берасцейцам і жыхарам раёна дазволілі сабрацца і пратэставаць толькі аднойчы - мітынг «Берасцейкі супраць свінцу» прайшоў 29 красавіка ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і сабраў амаль 2 000 чалавек.