Памёр былы сэнатар ЗША Рычард Лугар
- 28.04.2019, 21:35
Ён быў датычны да таго, што Беларусь стала бяз'ядзернай.
У Злучаных Штатах ва ўзросце 87 гадоў памёр былы сэнатар ад штата Індыяна Рычард Лугар, вядомы сваімі намаганнямі ў барацьбе з распаўсюджваннем зброі масавай паразы, паведамляе «Радыё Свабода».
Рэспубліканец Рычард Лугар прадстаўляў свой штат у Сэнаце 36 гадоў - з 1977 да 2013 года. Ён быў уплывовым спецыялістам у замежнай палітыцы.
Найбольшую вядомасць атрымаў закон, згодна з якім Злучаныя Штаты надалі дапамогу краінам былога СССР ва ўтылізацыі ядзернай, хімічнай і біялагічнай зброі. З 1991 года ў Расеі, Украіне, Беларусі і Казахстане згодна з гэтай праграмай былі дэзактываваныя 7 600 ядзерных боегаловак, знішчаныя 2 300 ракет і закансерваваны 24 аб'екты, дзе захоўвалася ядзерная зброя.
Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч добра ведаў сэнатара Лугара.
- Гэта для мяне вельмі сумная навіна. Даўно яго ведаў асабіста, сустракаўся ў Менску і Вашынгтоне, і за межамі ЗША ў Паўднёвай Карэі. Апошні раз падчас Atlantic Council сустракаўся з ім у мінулым годзе. Мы ўспаміналі ўсе дзеянні, накіраваныя на тое, каб Беларусь была мірнай дзяржавай, на яе ядзернае раззбраенне. Лугар вельмі добра да гэтага ставіўся і меркаваў, што гэта пэўная гарантыя бяспекі. Я спачуваю ягоным блізкім і родным.