Макрон прапанаваў трох кандыдатаў на пасаду кіраўніка Еўракамісіі
- 30.06.2019, 20:39
Лідары 28 краін ЕЗ на саміце ў Брусэлі 30 чэрвеня маюць намер узгадніць кандыдатаў на пяць ключавых пасад.
Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон выказаў надзею на кампраміс з еўрапейскімі партнёрамі ў выбары кіраўніка Еўракамісіі і прапанаваў тры кандыдатуры, паведамляе РБК са спасылкай на AFP.
Ён назваў імёны галоўнага перагаворшчыка ЕЗ аб Brexit, французскага кансерватыўнага палітыка Мішэля Барнье, першага намесніка старшыні Еўракамісіі, нідэрландскага палітыка Франса Тымерманса і еўракамісара ў пытаннях канкурэнцыі Маргрэтэ Вестер з Даніі.
Лідары 28 краін Еўразвязу на экстранным саміце ў Брусэлі 30 чэрвеня маюць намер узгадніць кандыдатаў на пяць ключавых пасад: старшыні Еўракамісіі, кіраўніка Еўрапейскай рады, вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі, кіраўніка Еўрапейскага Цэнтрабанка і старшыні Еўрапарламента.
На папярэднім саміце 20 чэрвеня лідарам дзяржаў-чальцоў ЕЗ не ўдалося абраць новага кіраўніка Еўракамісіі.
Тады Макрон выступаў супраць кандыдатуры намесніка кіраўніка нямецкай партыі «Хрысціянская-сацыяльная унія» Манфрэда Вебера, якога падтрымлівае канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель. Французскі лідар, у сваю чаргу, падтрымліваў кандыдата ад ліберальнага альянсу ALDE Маргрэтэ Вестагер. Le Monde і Bloomberg пісалі, што Мэркель гатова пайсці на саступкі Макрону, калі Вэбер узначаліць Еўрапейскі цэнтральны банк.
Цяпер пасаду старшыні Еўракамісіі займае Жан-Клод Юнкер. Яго паўнамоцтвы мінаюць ў кастрычніку гэтага года.