На працу ў Нямеччыну: як беларусам правільна адправіць рэзюмэ
- 6.07.2019, 20:57
Яшчэ дзесяць гадоў таму экспэрты прагназавалі, што пошук працы перамесціцца ў інтэрнэт.
Сёння HR-менеджэры чакаюць лічбавай пісьменнасці ад кожнага спаборніка, піша «Нямецкая хваля».
Стосы рэзюмэ на сталах спецыялістаў, якія займаюцца даборам персаналу? Гэта ў мінуўшчыне! Сёння ў дзевяці з дзесяці выпадкаў ад спаборнікаў чакаюць заяўкі на вакансію ў лічбавым фармаце. Кандыдат, што надрукаваў сваё рэзюмэ, матывацыйны ліст, сэртыфікаты на паперы і старанна выбраў тэчку для ўсіх дакументаў, дастукаецца хіба што да трох адсоткаў мэнэджэраў у персанале сярэдніх і вялікіх нямецкіх прадпрыемстваў.
Рэзюмэ праз электронную пошту
Большасць кампаній сёння ўважае за лепшае мець справу з аблічбаванымі дакументамі і рэзюмэ, дасланымі праз электронную пошту або заладаванымі праз партал або спецыяльную платформу для працаўладкавання. У гэтым пераканаліся даследчыкі кампаніі Bitkom Research. Рэпрэзентацыйнае апытанне праводзілася сярод HR-мэнэджараў нямецкіх кампаній, у якіх працуе больш за 50 чалавек.
А яшчэ ж тры гады таму сітуацыя на рынку працы выглядала зусім інакш. Тады шмат хто са спецыялістаў у персанале (а менавіта - кожны чацвёрты!) аддаваў перавагу менавіта надрукаваным дакументам, дасланым у тэчцы поштай. За лічбавы варыянт выступалі толькі 60 адсоткаў.
Сёння ў пашане - ашчаднасць спаборніка і ягонае беражлівае стаўленне да навакольнага асяроддзя. Бо дакументы, дасланыя электроннай поштай, або анлайн-заяўка ашчаджаюць не толькі час спаборніка і патэнцыйнага працадаўцы, але таксама паперу, электрычнасць і касэту для друкаркі.
Трэба адзначыць, што цяперашняя тэндэнцыя пазначылася ўжо дзесяць гадоў таму. Тады ў інтэрв'ю DW экспэрты Bitkom папярэджвалі, што той, хто адмаўляецца ўжываць сучасныя тэхналогіі, пазбаўляе сябе вялікіх пераваг, і давалі смелы прагноз, маўляў, «заўтра працэс пошуку працы будзе адбывацца выключна ў інтэрнэце». Гэтае заўтрае ўжо надышло!
Пяць правіл для працаўладкавання праз інтэрнэт
Аналітыкі нямецкага аб'яднання прадпрыемстваў лічбавай эканомікі Bitkom раяць выконваць пяць правілаў лічбавай пісьменнасці.
Па-першае, пры рассыланні рэзюмэ электроннай поштай пераканайцеся ў тым, што ўсе дакументы будуць адпраўленыя адным файлам у фармаце PDF. Пры падаванні заяўкі праз партал працаўладкавання або на сайце самой кампаніі рэзюмэ, матывацыйны ліст і сэртыфікаты, наадварот, заладоўваюцца асобна.
Другое правіла: файл з дакументамі, які перасылаецца электроннай поштай, мае насіць канкрэтную назву: не проста «Рэзюмэ» (Bewerbung), а «Рэзюмэ Яновіча», напрыклад.
Трэцяе правіла: не адпраўляйце ліст без тэмы. У тэме пазначайце не проста «рэзюмэ», але і нумар вакансіі, на якую вы прэтэндуеце.
Чацвёртае правіла: агульны аб'ём файла не мае перавышаць 5 MB. У адкрытым доступе існуюць праграмы, якія дазволяць сціснуць звесткі без страты якасці.
Пятае правіла: сачыце за якасцю. Рассыланне рэзюмэ ў электронным фармаце займае значна менш часу, таму існуе вялікая спакуса хутка адправіць дакументы. Аднак экспэрты раяць не паддавацца ёй, а старанна праглядаць усе дакументы. Бо памылкі застаюцца памылкамі - як на паперы, так і ў электронным выглядзе.