«Закон аб адтэрміноўцы» закране беларускую ІТ-індустрыю
- 6.07.2019, 21:27
Сузаснавальнік кампаніі EPAM пракаментаваў адыёзны закон.
Dev.by спытаў Леаніда Лознера, сузаснавальніка EPAM, сябра ўправы асацыяцыі «Адукацыя для будучыні», як «закон аб адтэрміноўцы» закране беларускую ІТ-індустрыю.
- Я ўважаю пастанову "дэпутатаў" за вялікую памылку. У сучасных рэаліях бяспека дзяржавы ў большай ступені залежыць ад эканамічнага патэнцыялу, чым ад колькасці ўзброеных сіл.
Пазбаўляючы маладых людзей магчымасці бесперапынна атрымліваць адукацыю, мы самі ж абмяжоўваем патэнцыял нашага эканамічнага развіцця ў будучыні цаной папаўнення спіскавага складу ўзброеных сіл - спрабуем захадамі пачатку мінулага стагоддзя развязаць праблемы XXI стагоддзя.
І яшчэ: адмова ў адтэрміноўцы драматычна абцяжарвае пабудову навуковай кар'еры і, вядома, можа падштурхоўваць таленавітую моладзь - юнакоў і дзяўчат, якія хочуць рэалізавацца як навукоўцы, вучыцца і працаваць за мяжой. І гэта крыўдна!
Я сам не праходзіў тэрміновую службу ў войску, але падчас навучання ва ўніверсітэце вучыўся на вайсковай кафедры: я афіцэр запасу і артылерыст, пасля заканчэння ВНУ неаднаразова ўдзельнічаў у зборах. І хоць нягоды службы не надта адчуваў, але агульны час, прысвечаны падрыхтоўцы да абароны айчыны, у мяне набліжаецца да двух гадоў тэрміновай службы.
У шмат каго вайсковая служба асацыюецца з паняткам абавязку ды ідэяй роўнасці: калі служыў нехта адзін - павінны адслужыць і ўсе астатнія. Але для мяне гэта не роўнасць, а ўраўнілаўка: важна, каб грамадзянскую адказнасць можна было рэалізаваць максімальна поўна з карысцю для грамадства ў розных формах, а не выключна ў выглядзе вайсковага абавязку.