Памёр легендарны беларускі футбаліст Леанід Гарай
- 5.08.2019, 19:25
Леанід Гарай памёр ва ўзросце 82 гадоў.
Легендарны беларускі футбаліст Леанід Гарай памёр ва ўзросце 82 гадоў.
Пра смерць заслужанага трэнера БССР паведаміў сайт БФФ.
Майстар спорту СССР (1967), заслужаны трэнер БССР (1983) нарадзіўся 13 студзеня 1937 года ў Гомелі.
У футбол пачаў гуляць у Берасці ў школьнай камандзе ў 1953 годзе. Выступаў за менскі «Спартак» (1957-1959), і «Беларусь» (Менск, 1961). Таксама ў яго кар'еры значацца менская ФШМ (1956), СКА (Менск, 1962-1963), «Спартак» (Берасце, 1964-1965).
Скончыўшы кар'еру, Леанід Паўлавіч на ўсё жыццё застаўся ў вялікім футболе. Трэніраваў берасцейскі «Спартак» (1966 - 1968), начальнік каманды «Спартак» (Берасце, 1969-1970). Дырэктар берасцейскай СДЮСШОР-5 (ліпень 1970 - студзень 1978), начальнік каманды «Дынама» (Берасце, студзень-ліпень 1978).
Летам 1978 года Леанід Гарай на доўгіх 18 гадоў вяртаецца ў менскае «Дынама», стаўшы начальнікам каманды з 1978 да 1992 года, і старшынёй клуба з верасня 1992 да сакавіка 1996 года. Менавіта ў гэты перыяд «бела-блакітныя» дасягнулі ўсіх значных вяршынь, выйграўшы чэмпіянат СССР 1982 года, бронзу 1983. Рэгулярна выйгравалі чэмпіянат і неаднаразова Кубак Беларусі.
У пачатку 2000-х Леанід Паўлавіч актыўна працаваў у шэрагах БФФ у ролі начальніка аддзела нацыянальнай і юнацкай каманд (красавік 2000 - ліпень 2001), начальніка ўпраўлення зборных каманд (ліпень 2001 года - красавік 2004). З'яўляўся старшынёй Дысцыплінарнага камітэта АБФФ (2003 г. - сакавік 2007 г.).
Гарай быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1982), Ганаровым знакам Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» (2002), з'яўляўся кавалерам Ордэна «Знак Пашаны» (1976).