Расейца, які мае від на жыхарства, высылаюць з Беларусі на пяць гадоў
- 9.08.2019, 14:41
Гомельскі абласны суд пацвердзіў высылку з краіны Уладзіміра Траўтэра.
8 жніўня судовая калегія Гомельскага абласнога суда пакінула ў дзеянні пастанову суда Буда-Кашалёўскага раёна аб высылцы жыхара аграгарадка Губічаў Уладзіміра Траўтэра. Расейца, які мае від на жыхарства, выслалі з краіны на пяць гадоў у інтарэсах грамадскага парадку, піша «Гомельская весна».
38-гадовы мужчына нарадзіўся ў Казахстане, у 1993 годзе сям'я пераехала ў Беларусь. Тут ён стварыў сям'ю, жонка і непаўналетні сын - грамадзяне Беларусі, працаваў жывёлаводам у КСУП «Губічы», па месцы працы характарызаваўся станоўча.
20 красавіка начальнік АУС Буда-Кашалёўскага райвыканкама Віталь Падзярун апавясціў мужчыну «аб высылцы шляхам добраахвотнага выезду з Рэспублікі Беларусь у інтарэсах грамадскай бяспекі». Скарга ва ўправу грамадзянства і міграцыі УУС Гомельскага аблвыканкама выніку не прынесла - 17 траўня начальнік абласной міліцыі Аляксандр Васільеў пакінуў скаргу без задавальнення.
Уся справа ў тым, што 24 лютага мужчына раніцай ехаў на аўто ў краму па цыгарэты і трапіўся супрацоўнікам ДАІ з рэшткавым алкаголем у крыві. Ён пазбаўлены права кіравання на 3 гады, штраф аплачаны цалкам. Раней яго штрафавалі за язду на возе без флікера і за размовы па мабільніку за стырном. Вядома, калі аб высылцы стала вядома вяскоўцам, мясцовыя жыхары нават подпісы сабралі ў ягоную падтрымку. Хадайніцтва ў яго падтрымку таксама напісаў кіраўнік гаспадаркі.
Праваабаронца Леанід Судаленка, які прадстаўляў у абласным судзе інтарэсы Траўтэра, пасля апеляцыйнай інстанцыі заявіў, што дзяржаўныя агенты чарговым разам празмерна ўмяшаліся ў прыватнае жыццё канкрэтнай сям'і.
«Пастанова аб высылцы з Беларусі замежнага грамадзяніна відавочна прынятая без уліку інтарэсаў ягонай сям'і і інтарэсаў непаўналетняга дзіцяці. Вядома, што кожны год, толькі па лініі МУС у краіне фіксуецца ад 3-х да 4-х мільёнаў правапарушэнняў. Практычна кожны другі беларус - правапарушальнік. Трваўтэр не зрабіў таго, за што да яго трэба ўжыць «вышэйшую меру». Ён жыве звычайным сельскім жыццём, яго нормамі і правіламі паводзінаў», - заявіў праваабаронца.
Траўтэр кажа, што пражыў у Беларусі большую палову свайго жыцця, а ў Расеі ў яго нікога няма. «У выпадку высылкі мая сям'я не вытрымае такога выпрабавання, ды і я не ўяўляю і не бачу сэнсу свайго далейшага жыцця», - заявіў пасля апеляцыі расеец.
Нагадаем, 13 жніўня ў Гомельскім абласным судзе будзе разглядацца аналагічная апеляцыйная скарга грамадзяніна Расеі, які мае від на жыхарства, жыхара Хойнікаў, якога высылаюць з краіны на 10 гадоў у інтарэсах грамадскага парадку.