BE RU EN

Заўзятары «Тарпеда» рыхтуюць другое адраджэнне клуба

  • 29.09.2019, 19:48

Чаму беларускія футбольныя клубы знаходзяцца на мяжы выжывання?

Актыўныя заўзятары менскага «Тарпеда» заявілі, што збірацьмуць сродкі, каб аднавіць каманду ў другой лізе чэмпіянату Беларусі ў футболе, піша сайт тэлеканала «Белсат».

Гэта будзе ўжо другое адраджэнне сталічных аўтазаводцаў: у 2005 годзе «Тарпеда» страціла прафесійны статус, але менавіта дзякуючы намаганням фанатаў клуб вярнуўся ў вышэйшую лігу. Праўда, усяго на два гады.

А ў гэтым сезоне «Тарпеда» згуляла толькі палову матчаў. Прычына - галоўны інвестар спыніў фінансаванне. У выніку клуб зняўся з чэмпіянату.

Гэтая сітуацыя ў апошнія гады для Беларусі - не новая. Так, вясной 2018 года «Тарпеда» трапіла ў вышэйшую лігу, бо Федэрацыя футбола не дапусціла да ўдзелу ў чэмпіянаце каманду «Крумкачы». За апошнія пяць гадоў з футбольнай мапы Беларусі зніклі 25 клубаў.

«Большасць з гэтых клубаў мелі ў сваім актыве прыватны капітал. Калі яны знікаюць, значыць, проста няма ўмоў для прыватнага бізнэсу. Гэта значыць, на футболе нашым немагчыма зарабіць. Ва ўсіх краінах свету ўладальнікі клубаў прыходзяць туды не для таго, каб выдаткаваць грошы, а каб іх зарабіць. У нас тэлевізія нічога не плаціць людзям, рэкламны рынак вельмі слабы, спонсараў дужа складана знайсці», - распавядае Сяргей Южык, спартовы журналіст, прэс-сакратар НФК.

Са слоў Сяргея Южыка, для таго, каб заставацца на вяршыні дывізіёна, клуб павінен мець прынамсі паўмільёна даляраў на сезон. Ці магчыма ў Беларусі абысціся без дзяржаўнага падтрымання прафесійных клубаў?

«Калі краіна не будзе падтрымліваць спорт, то, напэўна, многія клубы памруць. Але вельмі хацелася б, каб мы жылі за дзяржаўныя грошы не так, як цяпер, а прыцягвалі бізнэс».

«Камерцыйныя клубы лепш працуюць з грашыма. А калі гэта дзяржаўныя клубы, то яны не нясуць адказнасці ні перад кім».

«Каб нешта развівалася, трэба самому прыкладаць свае сілы і сродкі. А калі ты атрымліваеш грошы ад дзядзькі, то якая табе розніца, на што яны пойдуць?»

Як жа беларускаму футболу выйсці з пасткі камандна-адміністрацыйнай сістэмы? Тры гады таму ў Беларускай федэрацыі футбола абмяркоўвалі стварэнне прафесійнай футбольнай лігі пад назвай Майстар-ліга, але далей заявы справа не пайшла.

«Зарабляць у нас у футболе могуць толькі клубы, якія ўдзельнічаюць у еўракубках. Клубы беларускага чэмпіянату атрымліваюць грошы ад УЕФА, на іх існуюць. Гэта адзіны радок даходаў. Усё астатняе: продаж атрыбутыкі, квіткоў - гэта ўсё вельмі мізэрна... Пакуль існуе гэтая сістэма дзяржаўнай падтрымкі, нічога не зменіцца», - мяркуе Сяргей Южык.

Выходзіць, што, з аднаго боку, кіраўніцтва некаторых клубаў проста не зацікаўленае ў пераходзе на рынкавыя рэйкі, бо тады давядзецца змагацца за гледачоў і спонсараў. З іншага - сістэма дзяржаўнага фінансавання клубаў пазбаўляе іх усялякай матывацыі.

Апошнія навіны