На капрамонт закрыюць мост праз Дзвіну ў Полацку
- 30.09.2019, 21:10
Плануецца, што рамонт зойме 14 месяцаў.
8 кастрычніка ў Полацку плануюць закрыць на капітальны рамонт мост на вуліцы Юбілейнай праз Дзвіну. Пра гэта агенцтву БелТА распавяла дырэктарка Упраўлення капітальнага будаўніцтва Полацка Галіна Бельская.
Цяпер каля моста ідуць падрыхтоўчыя працы ўладкавання будаўнічай пляцоўкі. Плануецца, што рамонт зойме 14 месяцаў. На яго выдаткуюць 11,7 мільёна рублёў з агульнадзяржаўнага і абласнога бюджэтаў.
Падчас рамонту мяркуецца перанесці магістральную цеплатрасу, замяніць практычна ўсе канструктыўныя элементы мосту. Апоры моста, як усталявалі спецыялісты, у добрым стане, ім патрэбны толькі касметычны рамонт.
Пасля капрамонту на мосце застануцца дзве паласы руху для аўто і дарожкі для пешаходаў.
На другім мосце праз Дзвіну на час гэтага рамонту выдзеляць асобную паласу для грамадскага транспарту. Пра змены ў раскладзе руху грамадскага транспарту жыхарам будуць паведамляць дадаткова.
Мост быў пабудаваны ў 1930-я гады. Капітальна яго не рамантавалі, толькі некалькі разоў праводзілі рамонт для падтрымання.