Скандальны экс-пасол РФ у Беларусі Бабіч пайшоў на павышэнне
- 30.09.2019, 21:14
Ён стаў першым намеснікам Арэшкіна.
Былы амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч стаў першым намеснікам міністра эканамічнага развіцця. Адпаведнае распараджэнне было падпісанае прэм'ер-міністрам РФ Дзмітрыем Мядзведзевым, паведаміў РБК прэс-сакратар старшыні ўрада Алег Восіпаў.
Крыніца РБК у Міністэрства эканамічнага развіцця РФ дадала, што дакумент быў падпісаны ў мінулыя выходныя.
«Міхаіл Бабіч пасля прызначэння ў Міністэрства эканамічнага развіцця праявіў сябе з самага найлепшага боку! Прадставіў яго кандыдатуру на замяшчэнне пасады першага намесніка. Жадаю поспеху!», - напісаў у Instargam кіраўнік міністэрства Максім Арэшкін.
Бабічу 50 гадоў, ён быў старшынём урада Чачні (лістапад 2002 - люты 2003), паўнамоцным прадстаўніком прэзідэнта ў Прыволжскай федэральнай акрузе (снежань 2011 - жнівень 2018), пасля чаго быў прызначаны надзвычайным і паўнамоцным паслом, а таксама спецпрадстаўніком прэзідэнта ў развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю.
У канцы красавіка прэзідэнт Уладзімір Пуцін вызваліў яго ад дыпламатычнай пасады. Крыніца РБК, блізкая да Крамля, казала, што беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка быў незадаволены Бабічам. Іншы суразмоўца сцвярджаў, што Лукашэнка негалосна забараніў кантакты Бабіча з беларускімі афіцыйнымі асобамі.
У чэрвені Бабіча прызначылі намеснікам кіраўніка Міністэрства эканамічнага развіцця, які адказвае за ўзаемадзеянне з СНД і пытанні, звязаныя з «саюзнай дзяржавай» Расеі і Беларусі. «Шмат у чым ён будзе займацца каардынацыяй і арганізацыяй інтэграцыйнай работы, што з'яўляецца надзвычай важным», - казаў прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Дзмітрый Пяскоў.