BE RU EN

Украінскі вайсковец: Версія, што самалёт МАУ збілі ракетай «Тор» - слабая

  • 10.01.2020, 21:36

Магчыма, украінскі «Боінг» збілі ракетай іншага класа.

Версія паразы самалёта "Міжнародных авіяліній Украіны", які разбіўся ў Іране, ракетай зенітнага комплексу "Тор" выглядае вельмі слабай, сказаў у каментары gordonua.com былы афіцэр аператыўнай управы Генштаба УСУ, палкоўнік запасу Алег Жданаў.

"ЗША, Канада і Вялікабрытанія заўсёды былі хаўруснікамі. І тут яны ў адзін голас, вытрымаўшы паўзу, заяўляюць, што наш самалёт збіты іранскай СПА. Комплекс "Тор" працуе сапраўды гэтак жа, як і "Бук". Ён не трапляе ў мэту, а выбухае побач з аб'ектам. Там ёсць сістэма абвесткі "свой - чужы". Калі комплекс працуе ў аўтаматычным рэжыме, то, атрымаўшы адзнаку "свой", мэта тут жа класіфікуецца сваёй. І ракеты на яе не наводзяцца. Значыць, у гэтым выпадку комплекс павінен быў кіравацца ў ручным рэжыме, без уключэння сістэмы абвесткі. Дарэчы, у тым жа "Буку" такой сістэмы няма. І на Данбасе ў 2014 годзе расейцы проста не распазналі малайзійскі Boeing", - падкрэсліў Жданаў.

Паводле ягоных слоў, набой "Тора" ляціць на адбіты ад самалёта сігнал.

"Тор" - гэта махіна вагой 34 тоны. Вага набою - 165 кг. Гэта значыць самалёт проста разнесла б у паветры, ён адразу пачаў бы раскідвацца. Пасля трапляння такой ракеты ён наўрад ці змог бы здзяйсняць манеўры. А мы бачылі абламанае аб дом крыло, ідэальна цэлую хваставую частку, дзве траціны фюзеляжа самалёта - цэлыя. Набой "Тора" ляціць на адбіты сігнал. Радыёлакацыйная станцыя свеціць на самалёт і карэктуе палёт ракеты на яго. Я ўважаю версію з "Торам" за вельмі слабую. Тым больш целы былі на месцы, Іран адразу дапусціў туды нашых спецыялістаў. Значыць, там не баяцца паказаць нам лісты абшыўкі", - адзначыў суразмоўца.

На ягоную думку, сістэма кіравання самалёта МАУ выходзіла са строю паступова.

"Наколькі вядома, рухавікі не гарэлі. Пры гэтым самалёт паспеў развярнуцца і паспрабаваў стаць на зваротны курс. А значыць, сістэмы кіравання выходзілі з ладу не адначасова, а паступова. Гэта значыць пашкоджанне было нязначным. Мяркуючы па тым, што рухавікі цэлыя, выкарыстоўвалася не цеплавая сістэма навядзення, а кантрасная. Ракета распазнала ў небе металічны фюзеляж. Калі набой пераноснага зэнітна-ракетнага комплексу трапіў знізу ў пярэднюю траціну фюзеляжа, то ён закрануў бартавы кампутар. У выніку пачала паступова адмаўляць сістэма і самалёт упаў. Такая ў мяне версія. Усю палітычную выгаду ад гэтай сітуацыі атрымліваюць ЗША. А Іран на "відэльцы", прычым абодва варыянты дрэнныя. Калі высветліцца, што самалёт збілі яны, давядзецца выплаціць сур'ёзныя кампенсацыі сем'ям загінулых, купіць новы самалёт і папрасіць прабачэння. А для іх гэта ментальна цяжка. Але калі пойдуць у адмову - значыць, яны тэрарысты. А санкцыі супраць тэрарыстычнай дзяржавы падтрымаюць усе", - рэзюмаваў Жданаў.

Пасажырскі самалёт Boeing 737-800 рэйса PS752 "Міжнародных авіяліній Украіны" разбіўся 8 студзеня паблізу Тэгерана неўзабаве пасля ўзлёту. На борце знаходзілася 167 пасажыраў і дзевяць чальцоў экіпажа: 82 грамадзяніны Ірана, 63 - Канады, 11 - Украіны (два пасажыры і дзевяць чальцоў экіпажа), 10 - Швэцыі, чатыры - Афганістана, тры - Вялікабрытаніі, тры - Нямеччыны.

Апошнія навіны