BE RU EN

Удзельніца пікету супраць «інтэграцыі»: Я абараняла краіну, згодна з Канстытуцыяй

  • 10.01.2020, 21:43

Гэта абавязак кожнага грамадзяніна.

20 снежня 2019 года а 18.00 група неабыякавых пінчукоў сабралася каля помніка «палешукоў» на вуліцы Леніна пратэставаць супраць "інтэграцыі" Беларусі ды Расеі, піша сайт media-polesye.by.

8 студзеня прайшлі першыя суды над удзельнікамі акцыі Мікалаем Міхалевічам і Дзмітрыем Тарасюком, іх аштрафавалі на дзесяць базавых адзінак (270 рублёў).

Сёння судзілі Таццяну Кебікаву, якая адразу прызнала свой удзел у пікеце, але заявіла, што дзейнічала згодна з Канстытуцыяй Беларусі, у якой напісана, што абарона дзяржавы з'яўляецца абавязкам грамадзяніна:

- На пікеце я чакала ўбачыць людзей у пагонах, якія давалі вайсковую прысягу на вернасць Радзіме, але там іх не было. Наадварот, падышлі міліцыянты і сказалі, што пікет «незаконны».

Пінчанка патлумачыла, што ў СМІ распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што існуюць нейкія «дарожныя карты» аб «інтэграцыі» з Расеяй, што ў іх напісана, ніхто з грамадзян не ведае. Расейскія выданні паведамляюць, што будуць стварацца агульныя органы кіравання, а гэта значыць, што Беларусь знікне з карты свету, як дзяржава.

Са слоў Таццяны:

- Грамадзяне Беларусі не згодныя са стратай незалежнасці. І не трэба гандляваць нашай незалежнасцю.

Таксама Таццяна выказала меркаванне, што пінскія ўлады арганізавалі канцэрт побач з месцам правядзення пікету для таго, каб падтрымаць пратэст:

- Там спявалі песні на беларускай мове, што прыцягвала ўвагу мінакоў да нашага пікету.

Таццяна Кебікава паказала на тое, што закон «аб масавых мерапрыемствах» супярэчыць Канстытуцыі Беларусі, таму за вінаватую сябе не ўважае.

Суддзя заслухаў міліцыянтаў-сведкаў, прагледзеў відэа з месца падзей і прысудзіў Таццяне Кебікавай штраф сумай пяць базавых адзінак (135 рублёў).

Апошнія навіны