BE RU EN

РЭП дапамагае менчуку абараніцца ад прымусовай працы

  • 11.01.2020, 21:50

З менчука спрабуюць спагнаць $ 200.

Былы работнік тралейбуснага парка №3 Мінска Руслан Помазаў падаў апеляцыю ў Менскі гарадскі суд на пастанову суда Савецкага раёна, піша praca-by.info.

У 2017 годзе Руслан Помазаў уклаў трохстаронняе пагадненне з Камітэтам працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Менскага гарвыканкама і тралейбусным паркам №3 аб навучанні на кіроўцу. З 26 красавіка да 16 жніўня 2017 года спадар паспяхова скончыў курсы і да пачатку 2019 гады адпрацаваў кіроўцам у тралейбусным парку №3. 28 студзеня 2019 гады ён звольніўся паводле згоды старон.

- Пастанова сысці саспела не спантанна, - тлумачыць юрыст незалежнага прафзвязу РЭП Ігар Комлік, які прадстаўляў інтарэсы скаржніка ў судзе. - У сістэме Мінсктранса, у тым ліку і ў тралейбусным парку №3, змяніліся істотныя варункі працы: нібыта на падставе праведзенай атэстацыі былі зменшаны выплаты за працу ў шкодных варунках і скарочана колькасць дзён дадатковага адпачынку.

Руслан Помазаў наважыў сысці з парку менавіта дзеля змены істотных варункаў працы, з якімі не пагадзіўся, аднак наймальнік звольніў яго паводле пагаднення старон.

Але якое ж было ягонае здзіўленне, калі Камітэт працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Менскага гарвыканкама выставіў пазоў аб спагнанні з яго сумы за навучанне - 811 рублёў 43 капейкі плюс 49 рублёў 84 капейкі - «за карыстанне чужымі грашыма». Руслан Помазаў звярнуўся па юрыдычную дапамогу ў прафзвяз РЭП, і падаў сустрэчны пазоў - аб прызнанні нядзейнымі пунктаў умовы, якія загадваюць альбо вярнуць суму, выдаткаваную на яго навучанне, альбо адпрацаваць два гады ў тралейбусным парку №3. На думку Руслана Помазава, гэтыя пункты носяць дыскрымінацыйны характар.

Суд Савецкага раёна Менска адхіліў пазоў Руслана Помазава і цалкам задаволіў пазоў Камітэта працы, занятасцi i сацыяльнай абароне выканкама.

Пазоўнік не пагадзіўся з выракам суда Савецкага раёна і падаў апеляцыйную скаргу ў Менскі гарадскі суд.

- Згодна з пагадненнем, не падлягае аплаце навучанне ў тым выпадку, калі работнік спыняе працоўныя дачыненні са згоды наймальніка. Працоўныя стасункі акурат і былі спыненыя паводле пагаднення старон: 29 студзеня 2019 года наймальнікі звольніў Руслана Помазава паводле артыкулу 37 Працоўнага кодэкса. Але суд спаслаўся на тлумачэнні Камітэта працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Менскага гарвыканкама, паводле якога трэба было ўзгадніць - да якога наймальніка работнік павінен перайсці, толькі ў гэтым выпадку адпадае патрэба кампенсаваць аплату навучання. Такая пастаноўка пытання толькі ўзмацняе панятак «прымусовая праца», - падкрэсліў юрыст прафзвязу РЭП Ігар Комлік.

Пазоўнік бачыць у патрабаванні кампенсаваць кошт навучання «прыкметы прымусовай працы». Суд праігнараваў Канвенцыі МАП №№29, 105, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, што ратыфікавала Беларусь, якія даюць дакладнае вызначэнне панятку "прымусовая праца». Бо міжнароднае ж права мае прыярытэт над нацыянальным.

Суд крытычна ўспрыняў довады скаржніка аб тым, што ўмова ўкладалася з прычыны цяжкіх жыццёвых абставін. Руслан Помазаў мае пэўныя абмежаванні што да здароўя (не можа выконваць цяжкія фізічныя работы), і тралейбусны парк акурат пасаваў для ягонага працаўладкавання.

- На момант падпісання ўмовы ў сям'і ў Помазава ужо было адно непаўналетняе дзіця, жонка чакала другое дзіця. Пэўны час Раман ужо не працаваў, і над ім «дамоклавым мячом» вісеў дэкрэт №3, які прадугледжваў выплату 20 базавых адзінак за «дармаедства» або нават арышт: ён вымушаны быў падпісваць кантракт пад ціскам або фінансавай адказнасці, альбо арышту. Але суд не ўбачыў цяжкіх жыццёвых абставін ні ў Помазава, ні ў ягонай сям'і, - падкрэсліў Ігар Комлік.

Вялікія сумневы выклікае і сума кампенсацыі, выстаўленая Раману Помазаву.

- Помазаў навучаўся з 26 красавіка да 16 жніўня 2017 года ў складзе групы з 15 чалавек. Гэта самы гарачы час года. Але ў калькуляцыю ўнесеная аплата за карыстанне цяплом, якая складае 25% ад агульнай сумы, у каштарыс уключаны таксама прыбытак ліцэя 25% ад сумы. На навучэнца вешаюць ацяпленне ў летні перыяд і прыбытак ліцэя. Акрамя таго, што ў суму ўключаны рамонт абсталявання, рамонт памяшканняў і ўсё астатняе. Але чаму чалавек павінен плаціць за паслугу, якой не карыстаўся? - задае рытарычнае пытанне Ігар Комлік. - Больш за тое, на працягу ўсяго перыяду навучання Помазаў атрымліваў стыпендыю блізу 20 рублёў - яе таксама надумалі забраць. Хоць Помазаў паспяхова скончыў курсы, год з лішкам адпрацаваў у тралейбусным парку №3, - дык за што ўтрымліваюць стыпендыю? Такая практыка з'яўляецца вельмі сумнеўнай.

Апошнія навіны