Дэмакраты падалі новыя довады ў справе аб імпічменце Трампа
- 15.01.2020, 21:10
Довады дадалі ў апошні момант - ужо сёння справу афіцыйна перададуць у Сенат.
Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прадставіла новыя довады ў справе аб імпічменце прэзідэнта Дональда Трампа. Довады дадалі ў апошні момант - ужо сёння справу афіцыйна перададуць у Сенат. Сярод апублікаваных довадаў - перапіска асабістага адваката прэзідэнта ЗША Рудзі Джуліяні і яго памочніка, бізнэсоўца савецкага паходжання Льва Парнаса з высокапастаўленымі ўкраінскімі чыноўнікамі, паведамляе svoboda.org.
Паводле звестак дэмакратаў, Джуліяні дамагаўся сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, каб абмеркаваць расследаванне супраць палітычнага апанента Дональда Трампа - былога віцэ-прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і яго сына Хантэра. Пры гэтым Джуліяні даў зразумець, што дзейнічае ў асабістых інтарэсах Трампа і з яго дазволу. Прэзідэнт ЗША раней заяўляў, што дамагаўся расследавання супраць сям'і Байдэна ў інтарэсах краіны і з мэтай барацьбы з карупцыяй.
Дэмакраты таксама апублікавалі перапіску Льва Парнаса з былым генеральным пракурорам Украіны Юрыем Луцэнкам. Той наўзамен на дапамогу са справай Байдэна патрабаваў звольніць тагачаснага амбасадара ЗША ва Украіне Мары Ёванавіч. Парнас таксама вёў перапіску з кіраўніком МУС Украіны Арсенам Авакавым, цяперашнім кіраўніком Службы бяспекі краіны Іванам Бакановым першым памочнікам прэзідэнта Сяргеем Шафірам.
«Гэтыя дакументы, а таксама тыя, якія нядаўна былі апублікаваныя ў адпаведнасці з законам аб свабодзе інфармацыі, дэманструюць, што існуе больш доказаў, якія маюць дачыненне да планаў прэзідэнта ў дачыненні да Украіны, але яны былі схаваныя самім прэзідэнтам. Усе гэтыя новыя доказы пацвярджаюць тое, што мы ўжо ведаем: прэзідэнт і яго партнёры аказвалі ціск на ўкраінскіх чыноўнікаў, каб яны пачалі расследаванні, якія прынясуць палітычную выгаду прэзідэнту. У Сенаце не можа быць поўнага і справядлівага судовага разбору без дакументаў, якія прэзідэнт Трамп адмаўляецца падаць Кангрэсу», - заявіў старшыня Камітэта выведкі Палаты прадстаўнікоў ЗША Адам Шыф.
Расследаванне аб імпічменце Дональда Трампа ініцыявалі дэмакраты ў Палаце прадстаўнікоў пасля сігналу ананімнага інфарматара са спецслужбаў аб тым, што прэзідэнт аказвае ціск на Украіну з мэтай нанесці шкоду Байдэнам. У снежні Палата прадстаўнікоў прагаласавала за імпічмент. Цяпер пытанне аб адхіленні Трампа ад улады павінен разгледзець Сенат ЗША. Там большасць у рэспубліканцаў - прыхільнікаў цяперашняга прэзідэнта. Таму Дональд Трамп, імаверна, захавае сваю пасаду.
Публікацыя новых доказаў у справе аб імпічменце закліканая ўзмацніць ціск на рэспубліканцаў, каб яны запрасілі на слуханні ў Сенаце сведак. Дональд Трамп усе абвінавачванні ў ціску на Украіну адмаўляе і называе іх «паляваннем на ведзьмаў».