BE RU EN

Хто злівае Наталлю Эйсмант?

  • 21.11.2020, 12:31

У апублікаваных перамовах лукашыстаў варта звярнуць увагу на адзін важны сюжэт.

Вечарам 19 лістапада тэлеграм-канал «Нехта» адным відэа апублікаваў серыю тэлефонных размоваў людзей з галасамі кіраўніка ФХБ Дзмітрыя Баскава і прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант. Гэтыя размовы, на сцвярджэнне тэлеграм-канала, мелі месца 18–19 кастрычніка, хто зліў іх «Нехту» – невядома, піша kyky.org.

Суразмоўцы 20 хвілінаў дамаўляюцца пра рэйды па менскіх дварах для зразання БЧБ-стужак і зафарбоўвання муралаў, абмяркоўваюць, ці браць з сабой зброю. Жанчына, падобная на Эйсмант, настойліва прапануе ўзяць і віно «Масандра», якое дасталася ёй ад расейскага амбасадара Дзмітрыя Мезенцава. У запісах ёсць нечаканыя моманты: называюцца імёны топ-сілавікоў, якія дапамагаюць наладжваць такія рэйды (напрыклад, памочнік Лукашэнкі – інспектар па Менску Аляксандр Барсукоў, а таксама экс-кіраўнік МУС Юрый Караеў). Таксама ў размове гучаць фразы «Не проста ставіць на месца, а забіраць», «Ну так, у багажнік», «Мы як на вайну», «Баявы інструмент», «Кубачкі ёсць?», «Віно браць?», «Па нашых дварах пройдземся».

Цікава, што ўвечары 19 кастрычніка ў ЖК «Мегаполіс», як расказвалі відавочцы, прыехалі нейкія агрэсіўныя людзі: яны здымалі БЧБ-стужачкі ў двары. Жыхары «Мегаполіса» выступілі супраць гэтага, завязалася бойка: невядомыя мужчыны ў цывільным «валілі» на зямлю мясцовых хлопцаў, а невядомыя жанчыны «свяцілі ліхтарамі ў твары».

Сярод няпрошаных гасцей – зразальнікаў стужак у «Мегаполісе» заўважылі і чалавека, падобнага на Дзмітрыя Баскава. А цяпер, з улікам злітых «Нехту» аўдыя, карыстальнікі сацсетак яшчэ больш уважліва перагледзелі відэа з таго вечару – і прыйшлі да высновы, што ў кампаніі «неабыякавых грамадзянаў», падобна, знаходзілася і Наталля Эйсмант. Гэта ўскосна пацвярджае сапраўднасць агучаных «Нехтам» запісаў тэлефонных размоваў.

Што ўсё гэта значыць?

Адказвае палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман: «Ужо скандальна вядомы запіс размовы на тэлеграм-канале, які нельга называць, – гэта, вядома, феерыя. Ён дае шмат антрапалагічных адказаў на пытанні, кім краіна кіруецца і чаму яна апынулася ў такой сітуацыі. І дае іх лепш, чым любая аналітыка.

Але за трэшам з Масандрай і стужачкамі многія не звярнулі ўвагу на больш важны сюжэт. Мала таго, што нейкая спецслужба піша размовы найвышэйшых службовых і набліжаных да першага асобаў (што мы ўсе разумелі), дык яшчэ і злівае іх у канал, толькі што прызнаны гэтай жа дзяржавай ці то тэрарыстычным, ці то экстрэмісцкім.

З аўдыя мы, увогуле, не пазналі нічога моцна ганебнага пра Баскава. Наадварот, у першай серыі яны з калегам намякаюць, што перадалі Бандарэнку амапаўцам, пакуль ён быў яшчэ цэлы і жывы. Гэта значыць, пераводзяць стрэлкі на МУС, якое такім раскладам будзе не занадта задаволенае пасля таго, як выстаўляла людзей ахоўваць гэтых аматараў зразаць стужкі.

Там жа фігуравала «Наташа», якая дапамагала разрульваць пытанне. У другім аўдыя «Наташа» ўжо галоўная гераіня, і менавіта яе абедзве «стужкі» выстаўляюць у непрывабным святле.

Пакуль самай пераканальнай мне здаецца версія, што якая-небудзь з спецслужбаў незадаволеная Наталляй настолькі, што пачала тапіць і ганьбіць яе ў публічным полі. Магчыма, гэта барацьба за доступ да цела, магчыма – нешта іншае.

Уявіць, што гэта робіць нейкі маёр-дысідэнт, я не магу. Вылічыць яго для кіраўніцтва – паўдня працы. Значыць, пастанова прымалася на ўзроўні кіраўніцтва нейкай з спецслужбаў. Версіі тры – КДБ, ААЦ або прэзідэнцкая Служба бяспекі. Усе яны маюць права на аператыўна-вышуковую дзейнасць, уключаючы праслухоўку.

Версіі пра ФСБ ці самога Баскава не адказваюць на пытанні – нашто ім. Для першых – драбнавата, для другога – рызыка страціць увогуле ўсё.

Калі мая версія слушная, то гэта праява вельмі сур'ёзнага бурлення ў сістэме. Усярэдзіне назбіралася куча ўзаемнага недаверу і канкурэнцыі. Пратэсты абвастрылі гэтыя трэнні. Пасля зліваў аўдыя будуць яшчэ больш адзін аднаго падазраваць і баяцца.

А далей будзе толькі горш. Сістэма выйшла з ранейшага ўнутранага балансу і шукае новы, у якім можа не быць месца многім перш важным людзям».

Апошнія навіны