BE RU EN

Кошт нафты за дзень упаў амаль на $4

  • 6.03.2020, 19:35

Кошт барэля нафты маркі Brent апусціўся да $46,12.

Сусветны кошт нафты працягвае зніжацца на фоне паведамленняў аб тым, што ўлады Расеі і краін OPEC не змаглі дамовіцца аб дадатковым скарачэнні аб'ёмаў здабычы. Пад 18:10 беларускага часу кошт барэля нафты маркі Brent апусціўся да $46,12, што на $3,87, або 7,74%, ніжэй за ўзровень закрыцця папярэдніх таргоў, паведамляе РБК.

У апошні раз танней барэль Brent каштаваў 10 ліпеня 2017 года, калі яго кошт апускаўся да $46,11.

Больш чым на 7% упала 6 сакавіка і цана на нафту маркі WTI. На мінімуме яе кошт апусціўся да адзнакі $42,31, што на $3,51, або на 7,82%, ніжэй за ўзровень закрыцця папярэдніх таргоў.

У пятніцу ў Вене праходзіць сустрэча прадстаўнікоў краін OPEC і дзяржаў, якія падтрымалі раней пагадненне аб скарачэнні здабычы нафты (OPEC+). Напярэдадні, 5 сакавіка, краіны OPEC рэкамендавалі паглыбіць угоду OPEC+ і дадаткова скараціць здабычу на 1,5 млн барэляў за дзень, з якіх за 0,5 млн павінны ўзяць на сябе Расея і іншыя краіны, якія не ўваходзяць у картэль. Аднак высокапастаўленая крыніца Reuters і крыніцы ТАСС паведамілі, што ўлады Расеі не маюць намер зноў скарачаць здабычу.

У сваю чаргу крыніцы ў дэлегацыях краін OPEC паведамляюць, што без згоды Расеі скарачаць здабычу таксама не будуць.

Апошнія навіны