Вудкрафт: Працуем над змяненнем ДНК менскага «Дынама»
- 9.03.2020, 21:38
Настаўнік менскага «Дынама» распавёў, чым будзе займацца каманда пасля заканчэння сезона.
«Мы далі гульцам некаторы час на фізічнае і маральнае аднаўленне пасля цяжкага сезона. Сёння мы сустрэліся ўпершыню пасля матчу з маскоўскім «Дынама». На лёдзе каталіся гульцы, якія могуць дапамагчы нацыянальнай камандзе Беларусі найбліжэйшым часам. Ім неабходна падтрымліваць добрую форму. Яны адпрацавалі гадзіну на пляцоўцы і больш за гадзіну ў трэнажорнай зале. Легіянеры трэніраваліся толькі ў зале. Яны ўжо пачалі працу над сваімі слабымі бакамі, каб да наступнага сезона іх ліквідаваць. Кожны з замежнікаў будзе працаваць паводле індывідуальнага плана. Гэтая праца павінна дапамагчы ім стаць лепшымі ў наступным сезоне.
Адразу пасля заканчэння апошняга матча я сказаў, што наша перадсезонная падрыхтоўка пачалася ўжо цяпер. Натуральна, гульцы на двухбаковых кантрактах не атрымлівалі часу на адпачынак і адразу ж адправіліся ў нашы фарм-клубы. Сёння раніцай мы з трэнерскім штабам больш за гадзіну абмяркоўвалі іх гульню, аналізавалі, ці спраўляецца кожны з іх з задачамі ў камандах і ці працуюць гульцы над тым, на што мы звярталі іх увагу.
Мы ўжо пачалі шукаць гульцоў, якія змогуць зрабіць нашу каманду лепшай у будучыні. Цяпер мы аналізуем мінулы сезон, гульню і ўклад кожнага. Мы працуем над змяненнем ДНК нашай каманды. Мы вызначаем тое, як яна павінна выглядаць, каб разлічваць на станоўчы вынік кожны вечар. Спачатку мы вызначым пазіцыі і фармат гульцоў, якія нам патрэбныя, а потым запоўнім гэтыя пазіцыі гульцамі з патрэбнымі нам якасцямі. Гэта лагічны шлях працы для прасоўвання наперад. Мы сапраўды будзем разумець, які гулец нам неабходны на тую ці іншую ролю.
Перад мінулым сезонам мы адставалі ад нармальнага графіка падрыхтоўкі. Цяпер у нас куды больш часу для выпраўлення памылак перад наступным сезонам. Але для пачатку нам трэба шчыра зірнуць на сябе ў люстэрка і зразумець, што мы рабілі добра, а ў чым памыліліся ў мінулым сезоне, дзе мы можам сур'ёзна дадаць. Мы ўжо цяпер можам пачаць планаваць нашу працу, якая будзе весціся непасрэдна перад сезонам, вядома, звяртаючы ўвагу на патрэбы нацыянальнай каманды.
Ці сочыць трэнерскі штаб за плэй-оф КХЛ? У плэй-оф мы можам бачыць прыклады паспяховых каманд КХЛ. Можна паглядзець, на чым будуецца іх гульня - хуткасць, запал, ухіл на каманднае ўзаемадзеянне або індывідуальнае майстэрства. Нам неабходна разабраць кожную каманду і скарыстацца гэтым, каб падысці да наступнага сезону, знаходзячыся на вядучых радках трэндаў гульні ў КХЛ», - цытуе трэнера hcdinamo.by.