«У маленькага дзіцяці тэмпература паднялася да 39, сказалі набыць свечкі»
- 3.05.2020, 21:28
Як дзеці заражаюцца COVID-19 у Расеі.
З канца 2019 года ў свеце распаўсюджваецца пандэмія раней невядомага каранавірусу COVID-19. Нягледзячы на тое, што захворванне яшчэ не да канца вывучанае, а аднаго эфектыўнага прэпарату для ягонага лекавання няма, навукоўцы часта кажуць пра тое, што дзеці не могуць ім заразіцца. А калі гэта і адбываецца, то ў выключных выпадках. Цяперашні Час высветліў, што ў Маскве адбылося некалькі заражэнняў дзяцей, адно з іх – масавае.
Інфармацыя пра масавае заражэнне пацыентаў і лекараў у лякарнях у апошнія тыдні не рэдкасць. У канцы красавіка медработнікі Маскоўскага навукова-практычнага цэнтра барацьбы з сухотамі паскардзіліся ў прафзвяз "Альянс лекараў". Лякарня не была звязаная з працай з каранавіруснымі пацыентамі, але ў ёй адбылося масавае заражэнне, пацярпелі і дзеці.
"Захварэлі многія лекары і медсёстры, інфекцыя ўразіла дзіцячае аддзяленне – там здарылася ўспышка пнеўманій у дзяцей, якія лечацца ад сухотаў. З пнеўманіямі супрацоўнікі не справіліся, гэта былі каранавірусныя пнеўманіі, і давялося дзяцей пераводзіць у іншыя лякарні – у Тушынскую лякарню шмат дзяцей пераведзена было" , – расказвае кіраўніца прафзвязу Наталля Эйсмант.
У звароце да прафзвязу медработнікі тлумачылі сваю версію таго, што адбылося: лекараў у "добраахвотна-прымусовым парадку" адпраўлялі браць мазкі да людзей з каранавірусам, а на наступны дзень яны ішлі працаваць у свае аддзяленні.
"Мы мяркуем, што тое, што Алена Багародская (дырэктарка лякарні) зрабіла з Цэнтрам барацьбы з сухотамі, – гэта злачынства, гэта злачынная халатнасць. Цалкам не клапоцячыся ні пра супрацоўнікаў, ні пра іх сем'і, ні пра пацыентаў, дапусціла ўспышку каранавіруснай інфекцыі ў сухотнай службе – у тым ліку ў дзяцей з дзіцячага аддзялення", – кажа Эйсмант.
Захворванне дзяцей на каранавірус у Маскве таксама не рэдкасць. Ганна Шаўчэнка расказала, як яе трохмесячны сын Міша трапіў у рэанімацыю з двухбаковым запаленнем лёгкіх і COVID-19. Перад шпіталізацыяй у іх дома пабывала некалькі брыгадаў хуткай дапамогі. Тэсты рабіць ім адмаўляліся. Нават тэмпература вышэйшая за 39 у немаўляці для медыкаў не была важкім чыннікам для шпіталізацыі.
"У дзіцяці была тэмпература 38,8 – прыехала лекарка, паслухала, кажа: хрыпаў няма, не бачу неабходнасці ў шпіталізацыі, набудзьце свечкі. А пятай ранку ў малога тэмпература паднялася да 39. Выклікалі паўторна хуткую. Прыехалі два маладыя хлапцы – якія стаміліся. Не прапанавалі шпіталізацыю, сказалі набыць іншыя свечкі", – расказвае Шаўчэнка.
Два дні дзіця было ў рэанімацыі. Потым тыдзень у інфекцыйнай лякарні №9. Калі прыйшлі станоўчыя вынікі тэстаў, Ганну з сынам перавялі ў іншую інфекцыйную лякарню. Лекаванне і падыход лекараў у гэтай лякарні жанчыне вельмі падабаліся – да моманту, калі прыйшоў час выпісвацца.
Ёй прапанавалі падпісаць дакументы пра добраахвотную згоду на прадаўжэнне лекавання дома і пра падлучэнне да сістэмаў сацыяльнага маніторынгу. Такую ж магчымасць прапануюць у іншых маскоўскіх шпіталях.