BE RU EN

Адзін з лідэраў прафзвязу РЭП: Улада сама стварыла гэтую крытычную сітуацыю

  • 13.06.2020, 19:45

Перамены набліжаюцца.

Васіль Бераснеў, адзін з лідэраў Аршанскай арганізацыі прафзвязу, сябра Рады РЭП, расказаў, чым жыве арганізацыя ў варунках эпідэміі каранавірусу і «прэзідэнцкай кампаніі». Пра гэта піша сайт praca-by.info.

- Сітуацыя ў нас на Аршаншчыне напружаная, хворых шмат, тры шпіталі працуюць як інфекцыйныя, бараньская лякарня цалкам пераведзеная на інфекцыйную. Інфармацыю ўлады даюць вельмі няпоўную, шмат пра што людзі даведваюцца адзін ад аднаго. Шмат хворых не толькі сярод жыхароў, але і сярод медыкаў.

Але сябры нашай арганізацыі пакуль трымаюцца, хворых не маем. Нягледзячы на абставіны, мы сваёй дзейнасці не спыняем, хоць выконваем належныя захады бяспекі. Два разы на тыдзень, як трэба, сустракаемся з людзьмі ў нашай грамадскай прымальні. Сябры прафкама рэгулярна тэлефануюць сябрам п арганізацыі - удакладняюць стан здароўя, падтрымліваюць маральна, каб захоўваўся нармальны настрой.

Мы хадзілі ў суд падтрымаць нашу моладзь, блогераў, якія кармілі галубоў, але нас так і не дапусцілі. Я напісаў вялікую петыцыю, у адказ паведамілі, што гэта дзеля эпідэміі.

У судах мы перамаглі ў траўні ў дзвюх справах - Таццяны Гарагляд, якую хацелі несправядліва пазбавіць мацярынства, і механізатара сельскагаспадарчага прадпрыемства «Маяк-Высокае» Юрыя Гута, з якога прадпрыемства незаконна спрабавала спагнаць грошы. Цяпер вядзем яшчэ адну справу аб кантракце работніка Аршанскай спецыяльнай аўтабазы.

Цяпер пачалася «выбарчая кампанія», і большасць сябраў арганізацыі дапамагаюць дэмакратычным кандыдатам.

Відавочна, што ў краіне пайшоў нейкі ўздым. Людзі больш не вераць уладзе. Цэлыя натоўпы стаяць у нас рэгулярна каля пікетаў дэмакратычных кандыдатаў, ставяць свае подпісы, і галоўная думка ў большасці - толькі б не ён, хутчэй бы ён сышоў.

Вядома, паўплывала тут і эканамічная сітуацыя, а асабліва тое, што адбываецца з гэтым каранавірусам. Людзі ўбачылі гэтую бязглуздзіцу ў падыходах да эпідэміі, убачылі, што іх ніхто не абараняе, іх проста кінулі, не было ніякіх сродкаў, і лекары самі часта не ведалі, што рабіць. Усе замоўчвалася. Медыкі хуткай дапамогі нават спрабавалі рабіць у нас страйк, бо іх пакінулі без сродкаў аховы, без даплат.

Такім чынам улада сама стварыла гэтую крытычную сітуацыю. Замест таго, каб людзей падрыхтаваць, зрабіць усё для абароны, рабілі выгляд, што нічога не адбываецца. Вось людзі і не вытрымалі. Я мяркую, перамены набліжаюцца.

Увогуле, мы спакою не даем, працуем. Трэба не траціць рытм.

Апошнія навіны