ІП з ініцыятыўнай групы Ціханоўскай: Я адклаў працу, каб ездзіць па рэгіёнах
- 13.06.2020, 20:08
Павел Журык кажа, што падтрымка беларусаў натхняе і вельмі дапамагае ў працы.
Belsat.eu пагаварыў з 37-гадовым індывідуальным прадпрымальнікам Паўлам Журыкам, які збірае подпісы на пікетах Святланы Ціханоўскай:
- Мы ў турнэ па краіне, ездзім па раённых гарадах. Святлана сказала, што баіцца за ініцыятыўную групу, што могуць быць правакацыі і затрыманні. У раённых гарадах з гэтым лягчэй, тут людзі больш ведаюць адзін аднаго.
Я падпісчык канала мужа Святланы «Краіна для жыцця» Сяргея Ціханоўскага. Мне імпануюць ягоныя ідэі. Калі гэта яго ідэі - то і яе. Увогуле, мы за Сяргея. Я адклаў працу, адклаў заказчыкаў. Шмат добрых людзей убачыў. Нас прымаюць, з жыллём дапамагаюць. Падтрымка людзей натхняе і вельмі дапамагае ў працы. Мы б адны не далі рады.
У Беларусі ўсе баяцца, але хтосьці пераступіў цераз гэты страх. Шчыра, я папросту перастаў баяцца, і ўсё. Напэўна, ужо перажыў гэты страх. На нашых пікетах заўсёды сачэнне. Вока ўжо спрактыкаванае, мы пачалі іх знаходзіць даволі хутка. Адразу ўсё было вельмі неарганізавана. Не маглі адразу сцяміць, хто што робіць. Рабілі ўпершыню - усё на каленцы. Цяпер усё арганізавалі.