Цягам пяці гадоў Літва плануе аднавіць суднаходства па Нёмане да Беларусі
- 14.06.2020, 16:22
Работы павінны пачацца ўжо налета.
Як паведамляе Delfi, у найбліжэйшыя 5 гадоў Літва плануе расчысціць рэчышча Нёмана ўверх ад Ковенскай ГЭС да мяжы з Беларуссю, а затым аднавіць суднаходства гэтым маршрутам.
Дырэкцыя ўнутраных вод Літвы падпісала мемарандум з дзясяццю муніцыпалітэтамі аб развіцці суднаходства, ачыстку рэчышча плануюць пачаць у красавіку 2021 года.
«Трэба сфармаваць фарватэр. Кіламетраж немаленькі, работ шмат, патрэбная новая тэхніка», - сказаў кіраўнік дырэкцыі Уладзімір Вінакураў, заўважыўшы, што тэхніку набудуць сёлета.
Спадзяюцца, што аднаўленне суднаходства дасць штуршок да развіцця эканомікі, турызму, прыцягне інвестыцыі.
З ягоных слоў, многія не ведаюць, што «сеўшы на судна ў Коўне, можна будзе дабрацца да Чорнага мора».
«Ачыстка зойме як мінімум чатыры гады, вядома, на некаторых адцінках суднаходства стане магчымым ужо праз некалькі гадоў. Але калі казаць пра злучэнні паміж Ковенскім вадасховішчам і Чорным морам ці нейкім месцам у Еўропе, што магчыма, праз Польшчу, праз Аўгустоўскі канал, то тут давядзецца чакаць чатыры-пяць гадоў», - сказаў дырэктар.