Актывістка з-пад Гомеля прымусіла беларускія ўлады апраўдвацца на міжнародным узроўні
- 20.07.2020, 19:21
Алена Луцковіч звярнулася ў ААН.
Камітэт ААН правоў чалавека зарэгістраваў індывідуальнае паведамленне актывісткі з райцэнтра Акцябрскі Алены Луцковіч. Пра гэта кіраванне Вярхоўнага камісара правоў чалавека 20 ліпеня паінфармавала праваабаронцу Леаніда Судаленка, які займаецца справай на міжнародным узроўні, піша «Гомельская весна».
Скарга зарэгістравана 30 чэрвеня (№3775/2020) і накіраваная дзяржаве для адказу па сутнасці выкладзеных у ёй прэтэнзій.
Сутнасць канфлікту актывісткі з дзяржавай у наступным. У 2017 годзе Гомельскі Цэнтр стратэгічных цяжбаў праводзіў у рэгіёне эксперымент, заявіўшы ва ўсіх 24-х раёнах вобласці мірныя сходы на тэму актуалізацыі каштоўнасці незалежнасці і суверэнітэту Беларусі.
Кіраўнік Гомельскага Цэнтра стратэгічных цяжбаў, праваабаронца Леанід Судаленка распавёў, што ўсе заяўленыя 24 мірных сходаў тады былі забароненыя. З ягоных слоў, паўсюдныя забароны мірных сходаў найбольш ярка сведчаць пра сітуацыю з правамі чалавека ў краіне. Улада паўсюдна працягвае забараняць мірныя сходы, а за ўдзел у няўзгодненых акцыях пераследуе ўдзельнікаў адміністрацыйнымі арыштамі і буйнымі штрафамі.
Алена Луцковіч з'яўлялася заяўнікам сходаў у Жыткавіцкім, Петрыкаўскім, Калінкавіцкім, Ельскім, Кастрычніцкім і Лельчыцкім раёнах. Атрымаўшы забарону, актывістка пачала стратэгічную цяжбу, паказваючы практыку прымянення нацыянальнага заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, якая зводзіць на нішто права кожнага на мірныя сходы і выказвання меркаванняў.
«Мы заяўлялі і паўтараем, ураду Беларусі не сысці ад пытанняў, якія праваабаронцы падымаюць на міжнародным узроўні. Сёння чыноўнікі часта кажуць пра эканоміку і ні слова пра правы чалавека, якія цесна звязаны як з эканомікай, так і з дабрабытам кожнага з нас. Думаю, зафіксаваныя на міжнародным узроўні парушэнні дапамогуць усім зразумець, што правы чалавека гэта не тое, на што трэба пытаць дазволу ў дзяржавы», - падкрэслівае Судаленка.
Нагадаем, гэта не першая скарга Рудабельскай актывісткі ў Камітэт ААН правоў чалавека.
У 2016 годзе Алена Луцковіч выйшла на цэнтральную плошчу райцэнтра ў адзіночны пікет з транспарантам «У мяне ёсць доказы, што выбары сфальсіфікаваныя!».