BE RU EN

«Раўлі ўсе - і дарослыя, і дзеці. Цяжарную збівалі таксама»

  • 18.08.2020, 21:40

14-гадовы хлопец расказаў пра катаванні.

Непаўналетняга Давіда затрымалі 10 жніўня ў Берасці. Разам з маці, сябрамі і айчымам яны вярталіся дадому праз мост з цэнтра горада ў мікрараён Паўднёвы. Проста на мосце АМАП узяў іх у ачапленне. Усіх паставілі на калені, жорстка білі, дагледзелі рэчы, пасля чаго маму Давіда выцягнулі сілком з ачаплення, сказаўшы, што сын застаецца. Яна расказала «Белсату» пра жах і падзеі тых дзён.

Іна кажа, што ніхто не мог падумаць пра гвалт з боку сілавікоў. Яны самі запрасілі людзей прайсці ачапленне, каб тыя маглі перайсці мост.

«У ачапленні нас паставілі на калені. Па баках уздоўж бардзюра стаялі на каленях мужчыны. Іх білі. Яны там раўлі. Я паказала ім свае рэчы, нічога не знайшлі, сказалі ісці, але сына не аддавалі. Ім было ўсё адно -паўналетні ён ці не. Мяне даслоўна выштурхалі ў шыю».

Минск, Беларусь. 9 августа 2020 г. Фото: Александр Васюкович Vot-tak.tv / Belsat.eu

Жанчына патэлефанавала ў 102, але ніякіх звестак, акрамя крыкаў ад дыспетчара, не пачула:

«Яна на мяне тады насварылася. Маўляў, чаго лазіць з дзіцем. Сказала - ідзіце дадому, заўтра вырашыце ўсе - і кінула слухаўку».

А 4 раніцы 11 жніўня Іне патэлефанавалі з незнаёмага нумара і сказалі прыязджаць забіраць сына, але не сказалі - куды, і кінулі слухаўку:

«Ніхто не ўздымаў, а потым высветлілася, што яны бралі выпадковы тэлефон нейкага затрыманага з кучы мабільнікаў, тэлефанавалі бацькам, а потым тэлефон зноў кідалі ў кучу».

«Сорамна прызнацца: але я плакаў»

Іна ўсё ж даведалася, дзе ўтрымлівалі Давіда - у казармах вайсковай часткі. Пад будынкам там былі дзясяткі разгубленых бацькоў, якія чакалі выхаду дзяцей. Іне загадалі падпісаць пратакол, дзе было адзначана, што Давід браў удзел у пратэстах.

«Яны напісалі, што яго затрымалі на плошчы на мітынгу. Я адмовілася падпісваць - напісала, як было. А дзіця яны так проста не аддавалі. Вывелі ў цёмны тамбур, маўляў, паглядзіце, ці ўсё ў парадку. Там нічога не відаць. Зачыняюць дзверы, даюць лісток, трэба напісаць, што не маеш прэтэнзій. Пасля ўжо мы ўбачылі сляды ад дубінак, гематомы, гузы».

ЗБІТЫ АМАПАМ ДАВІД. ФОТА СУРАЗМОЎЦА BELSAT.EU

Пасля вызвалення Давід распавёў, што затрыманых нават не пыталіся, хто яны і адкуль, проста збівалі і здзекаваліся. Ва ўсіх забіралі тэлефоны, а калі выпускалі, яго немагчыма было знайсці, бо мабільных-гара. Без вады і прыбіральні ўсе затрыманыя ляжалі на падлозе. Падымаць галаву не дазвалялі. Калі хтосьці глядзеў у бок, яго пачыналі моцна збіваць.

«Ён мне сказаў - мама, мне сорамна прызнацца: але я плакаў. Усе плакалі, не шкадавалі нікога. І дарослыя мужыкі раўлі. Яны казалі: вы хацелі справядлівасці, - вось вам справядлівасць. У яго зацяклі рукі і ногі, але ён баяўся паварушыцца».

ЗБІТЫ АМАПАМ ДАВІД. ФОТА СУРАЗМОЎЦА BELSAT.EU

Да нядзелі 16 жніўня Іна не ведала, дзе знаходзіцца яе партнёр Дзяніс. Яго не было ні ў адным са спісаў.

«Я тэлефанавала і шукала Дзяніса. У аддзяленні здымалі слухаўку і маўчалі ці адкладалі яе - і было чуваць хіхіканне. У мяне сем дзяцей, малодшы - інвалід. Я ўсё жыццё хаджу па інстанцыях, паўсюль хамства, прыніжэнне і несправядлівасць».

«Крычала, што цяжарная, а яны збівалі яшчэ мацней»

Дзяніса выпусцілі ўночы 17 жніўня. Мужчыну прысудзілі 10 дзён. Іна кажа - нягледзячы на стан здароўя, хаця ён таксама ўвесь збіты і шакаваны. Наш суразмоўца раней прыцягваўся да адказнасці, ён, як сам прызнаецца, цягавіты і цярплівы, але такіх катаванняў не бачыў ніколі:

«Я шмат чаго бачыў, але каб збівалі жанчын і дзяцей - у гэты я паверыць не мог. Мы чулі, як адна дзяўчына крычала, што цяжарная, а яны збівалі яшчэ мацней. Пасля выхаду мяне агледзеў лекар, сказаў, што адбілі нырку ці паламалі рэбры. Трэба ехаць у лякарню.

На шчасце, вярнулі ўсе дакументы, акрамя мабільнага і грошай. Тэлефон, сказалі, перададуць у Менск, дзе будуць «вывучаць». Змушалі сказаць, што ўзяў удзел у несанкцыянаванай акцыі, але я сказаў усё, як было».

Цяпер сям'я звярнулася да юрыстаў. У Следчым камітэце 17 жніўня яны прабылі амаль шэсць гадзін, а скаргу можна падаць толькі на працягу пяці дзён пасля вызвалення. Іна кажа, што са скаргамі ў Следчы камітэт стаяць натоўпы.

Апошнія навіны