BE RU EN

ЕЗ увядзе адрасныя санкцыі супраць лукашэнкаўскіх кіраўнікоў

  • 25.08.2020, 21:01

Санкцыйны спіс будзе абнаўляцца.

Еўрапейскі звяз увядзе адрасныя санкцыі супраць тых дзеячаў у Беларусі, якія нясуць адказнасць альбо за фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў, альбо за рэпрэсіі супраць народа пасля выбараў, паведамляе interfax.by.

«Я не магу назваць дакладную дату - дзесьці ад 15 да 20 чалавек», - сказала ў аўторак журналістам высокапастаўленая крыніца ЕЗ, распавядаючы пра парадак дня нефармальнай «гімніхскай» нарады міністраў замежных спраў краін звязу, якая адбудзецца ў Бэрліне 27-28 жніўня.

«Гімніх» - нефармальная нарада, і таму ніякіх рашэнняў, у тым ліку па санкцыях, на ёй не будзе прынята. Міністры дадуць палітычную падтрымку як прынцыпам, так і характару санкцый. І, магчыма, назавуць некаторыя імёны. Гэта забяспечыць потым хуткае прыняцце афіцыйных рашэнняў у пісьмовай працэдуры. Спіс будзе адкрытым і па ходзе справы дапаўняцца.

«Для санкцый мы павінны мець дастаткова доказаў супраць тых, да каго яны ўжываюцца, каб іх нельга было паспяхова аспрэчыць у Судзе ЕЗ у Люксембургу, - нагадала гэта крыніца. - У мінулым такое здаралася, і гэта дрэнны досвед. Неабходная якасная ідэнтыфікацыя».

Санкцыйны спіс складаецца і будзе абнаўляцца на аснове інфармацыі, якую атрымліваюць у асноўным ад краін-сябраў ЕЗ і прадстаўніцтва ЕЗ у Менску, сказаў ён.

ЕЗ звычайна ўводзіць санкцыі, каб «змяніць паводзіны міжнародных актараў». Гэта палітычнае абгрунтаванне. Пакараць вінаватых можа толькі народ іх краіны.

«Нашы санкцыі - гэта не карныя захады, - заявіў гэты чыноўнік. - Мы не суддзі, не паліцыя і не адміністратыўныя органы. Мы хочам змяніць палітычныя паводзіны (кіраўнікоў - заўв.). Можна шмат спрачацца, наколькі санкцыі гістарычна даказалі сваю дзейснасць. Мы па-ранейшаму верым, што яны карысныя ў міжнароднай палітыцы».

Апошнія навіны