У вёсцы Горацкага раёна людзі топяць снег, каб атрымаць ваду для гаспадарчых патрэб
- 30.01.2021, 21:53
Ужо другі тыдзень яны не маюць вады.
Тутэйшыя жыхары кажуць, што Пална ўмоўна падзеленая на дзве часткі - старая вёска і паселішча. Гэтую сялібу нельга назваць неперспектыўнай і напаўмёртвай - тут практычна ў кожнай хаце жывуць людзі. Шмат хто выхоўвае дзяцей. Ад клуба і школы засталіся толькі ўспаміны, паведамляе mogilev.online.
Са слоў тутэйшых жыхароў, праблема з вадой наспявала даўно. Яна тут была страшна рудая і смярдзючая (асабліва на адным ускраі паселішча), а потым і зусім перастала цячы з кранаў. Калодзежаў у селішчы няма - у кожным доме ёсць вадаправод.
Выкручваюцца, як могуць
- Вядома, мы не сядзім зусім ужо без вады - тры разы на тыдзень нам яе падвозяць у цыстэрне. Але гэта не развязанне праблемы, вады ўсё роўна не стае. У нас проста няма столькі тары, каб забяспечыць сябе да новага завозу. А гэта ж вёска - шмат вады ідзе для гатавання корму скаціне. Людзі паляць лазні, каб мыцца і праць. Цяпер душ і пральныя машыны нам зусім не даступныя, - апавядаюць пра сваю бяду жыхары Палны.
Для размовы з журналістамі яны выйшлі на вуліцу са сваіх дамоў і расказалі, што свідравіна, якая забяспечвала вёску вадой з сямідзесятых гадоў мінулага стагоддзя, сапсулася.
Цяпер з Магілёва прыязджае рамонтная брыгада, спрабуе наладзіць падачу вады, але пакуль нічога не выходзіць. Нібыта ўсё пачысцяць, а вада зноў напалову з глінай. Магчыма, нармальнае водазабеспячэнне выпадзе наладзіць толькі ўвесну.
А пакуль вяскоўцы выкручваюцца, як могуць. Тыя, хто мацнейшы, прывозяць сабе ваду з калодзежаў, хоць да найліжэйшага амаль паўтара кіламэтра. Для гаспадарчых патрэб даводзіцца тапіць снег. Мыюцца і пяруць адзенне нашмат радзей, чым трэба. Напэўна, не варта казаць, наколькі гэта небяспечна ў варунках пандэміі.
Суцэльнае пакаранне
Пална належыць да Аўсянкаўскага сельсавету, і старшыня ведае пра праблему сваіх землякоў, спачувае ім.
- Мы на кожным сходзе гаварылі пра тое, што з вадой трэба прымаць нейкую пастанову. І тады, калі яна была колеру ржавага жалеза, і цяпер, калі няма ніякай. Апошні сход быў у канцы мінулага тыдня. Наш старшыня Сяргей Глушанкоў з намі заўсёды на сувязі, спагадае. А што ён можа зрабіць, калі нават спецыялісты не даюць рады? - апавядае Ніна, жыхарка паселішча.
Пра тое, што падачу вады трэба наладжваць, прычым пільна, людзі кажуць у адзін голас. Яны не згодныя чакаць да вясны.
- Я прыязджаю з Віцебска ў госці да сястры. Яна мае хворыя суставы, і ёй нельга падымаць цяжар, а тут даводзіцца цягаць вёдры з вадой. Параўноўваючы жыццё людзей у вёсцы і горадзе, проста дзіўлюся. Калі ў горадзе хаця б на дзень знікае вада, такі лямант усчынаецца! Усе сілы кідаюцца, каб наладзіць падачу. А тут амаль два тыдні ў кранах няма вады - і нічога, праблема нікога не турбуе. Акрамя, вядома, саміх вяскоўцаў, - абураецца Галіна, пенсіянерка.
Шматдзетны бацька Андрэй выхоўвае семярых дзяцей. Ён сітуацыю апісвае адным ёмістым выразам - суцэльнае пакаранне.
- Не памыць, не памыцца як след. Есці трэба гатаваць штораніцы на ўсю сям'ю. Я прыходжу ўвечары з працы, не магу нават рукі спаласнуць, каб сесці за стол. Пра тое, што свідравіна «канае», было ясна - апошнім часам замест вады з крана цякла проста жывая гліна. Так што можна сказаць, што вады ў нас няма ўжо месяц, - абураецца ён.
Трэба свідраваць новую?
Рамонтная брыгада філіі магілёўскага «Водаканала» прыехала ў Палну пад 10:30 раніцы. Мы пагаварылі з брыгадзірам і рабочымі ды даведаліся пра наступнае.
Свідравіна сапраўды дзейнічала з 1971 года. Цяпер пайшоў зрух грунтоў, і гэта зламала апорную калону. Трэба свідраваць новую.
- Цяпер мы вядзём прапампоўванне, але свідравіна не чысціцца. Сёння (25 студзеня) чакаем спецыялістаў з Горак і будзем вызначаць, уводзіць яе ў эксплуатацыю або не. Каб людзі мелі хоць бы тэхнічную ваду. Круціць новую ж не так проста і хутка - гэта трэба запланаваць, каб былі грошы, патрэбныя дазволы дыі іншыя дакументы. Як начальства наважыць, пакуль невядома, - расказалі яны.
Паводле логікі чыноўнікі мелі ведаць, што свідравіна, якой амаль 50 гадоў, неўзабаве перастане дзейнічаць. І запланаваць грошы на нармальную рапарацыю альбо на будаўніцтва новай. Але гэта паводле логікі, а з ёй у нашай дзяржаве скупа. А людзям, простым працаўнікам, застаецца толькі чакаць і спадзявацца.