Што адбываецца на рынках у рэгіёнах, дзе ІП абавязалі паставіць касавае абсталяванне
- 11.10.2021, 21:45
Шмат людзей закрыліся.
Прадпрымальнікі са Слуцкага рынку паведамілі «Кур'еру», што многія з іх яшчэ не атрымалі касавыя апараты. Працаваць з імі абавязвалі з 10 кастрычніка. Пазней гэты тэрмін перанеслі на 1 лютага 2022 года для тых, хто ўжо заключыў дамову, але яшчэ не атрымаў касу.
А некаторыя ІП уважаюць, што працаваць з касамі наогул будзе нявыгадна і трэба закрывацца.
Што адбываецца ў ІП на Слуцкім рынку
Вось што напярэдадні распавяла адна з прадпрымальніц:
«На рынку ўсё ў паніцы. З 10-га мы ўсе павінны працаваць з касавымі апаратамі. Вядома, чакалі зменаў, але спадзяванняў на скасаванне закона не засталося. Усе пасля сходу, які правяла ІМПЗ у пачатку жніўня, паволі пайшлі па касавае абсталяванне. Асабліва ўсе заварушыліся пасля сярэдзіны верасня. Але да цяперашняга часу яго атрымалі толькі адзінкі.
А праблема ў чым? Няма камплектуючых СКПА, што ўсталёўваецца ў касавы апарат. ІП аформілі ўсе дакументы, аплацілі, але атрымаць не могуць. Колькі давядзецца чакаць, ніхто не ведае.
Я не дачакалася, калі мне патэлефануюць, сама патэлефанавала. Сказала, што аплаціла касавы апарат і вельмі хачу яго забраць. Дазволілі прыехаць. Падпісала кучу папер, частку сказалі адвезці на Леніна, 292 для атрымання праграмы».
Да моманту публікацыі ІП пакуль не атрымала касу.
Каму часова можна працаваць без касы
У чацвер, 7 кастрычніка, на сайце Міністэрства падаткаў і збораў з'явіўся ліст, у якім гаворыцца, што, «улічваючы значную колькасць суб'ектаў гаспадарання, эпідэміялагічную сітуацыю і ў мэтах стварэння камфортных умоў пераходу на карыстанне касамі», тэрмін працягнулі.
«МПЗ прадугледжвае магчымасць да 1 лютага 2022 г. прымаць гатоўку пры продажы тавараў, выкананні работ, аказанні паслуг такімі суб'ектамі гаспадарання без прымянення касавага абсталявання пры ўмове падпісання да 10 кастрычніка 2021 г. з РУП ІІЦ дамовы», - гаворыцца ў лісце.
Аднак тыя, хто падлучыць касу, абавязаныя яе выкарыстоўваць з даты падключэння.
Што кажуць у арганізацыях
Таццяна Цішкевіч, начальніца аддзела працы з плацельшчыкамі ІМПЗ Слуцкага раёна, пракаментавала гэтую сітуацыю:
«У многіх з прадпрымальнікаў ёсць абавязак з 10 кастрычніка ўжываць касавыя апараты. Магчыма, таму арганізацыі не паспяваюць іх выдаць. У Слуцку рэалізуюць касавыя апараты тры арганізацыі, у тым ліку «Белліктэхніка» і «Торгтэхніка». Яны таксама абслугоўваюць касавае абсталяванне і падключаюць сродкі кантролю (СКПА). У Менску ёсць РУП «Інфармацыйна-выдавецкі цэнтр падаткаў і збораў». Яны рэалізуюць праграмнае забеспячэнне да тэлефона альбо да кампутара, якое замяняе касавы апарат. Прадпрымальнікі могуць набыць касавы апарат дзе ім заўгодна».
У аддзеле сэрвісу «Белліктэхнікі» на пытанне, чаму прадпрымальнікі не атрымалі ў тэрмін касавыя апараты, сказалі: «Пастанова гэта выйшла вельмі даўно. У чым праблема? Прадпрымальнікі цягнулі да апошняга моманту. Мы робім усё, што можам».
«Шмат людзей закрыліся»
У гутарцы яшчэ адна прадпрымальніца сказала:
«Шмат людзей закрыліся. Адмовіліся працаваць на такіх умовах. Гэта значыць купляць касу, СКПА і кожны месяц плаціць за абслугоўванне апаратаў амаль 30 рублёў. Але напраўду яшчэ ўсё дробязі ў параўнанні з тым, што зараз абавязваюць закупляць тавар безнаяўным разлікам, што для нас наогул немагчыма».
Яшчэ адзін прадавец сказаў у размове, што «палова сыдзе з рынка». Цяпер там менш працоўных гандлёвых пунктаў, чым звычайна.