Пуцін падпісаў закон з забаронай кіраўнікам рэгіёнаў называцца прэзідэнтамі
- 21.12.2021, 19:50
Супраць дакумента пярэчылі ў Татарстане.
Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін зацвердзіў закон аб арганізацыі публічнай улады ў суб'ектах Расеі. Дакумент размешчаны на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі.
«Назвай пасады вышэйшай службовай асобы суб'екта Расейскай Федэрацыі з'яўляецца «кіраўнік» з далейшым указаннем наймення суб'екта Расейскай Федэрацыі. …> Такое найменне не можа змяшчаць слоў і словазлучэнняў, якія складаюць найменне пасады кіраўніка дзяржавы - прэзідэнта Расейскай Федэрацыі», - гаворыцца ў пунктах 4 і 6 артыкула 20 новага закона.
Дакумент яшчэ на стадыі разгляду выклікаў незадаволенасць у Татарстане, бо пасада кіраўніка рэгіёна носіць назву «прэзідэнт Рэспублікі Татарстан». Супраць законапраекта выступаў парламент Татарстана, дзе ўказалі, што палажэнні дакумента, супярэчаць асновам канстытуцыйнага ладу Расеі.
Татарстан з'яўляецца адзіным на гэты момант суб'ектам Федэрацыі, у якім кіраўнік завецца прэзідэнтам.
Закон аб арганізацыі публічнай улады таксама дае права кіраўнікам рэгіёнаў абірацца больш за два разы запар і замацоўвае права прэзідэнта адхіляць кіраўнікоў суб'ектаў Федэрацыі ў сувязі са стратай даверу.