Украіна ўвяла санкцыі супраць сеткі крам «Спортмайстар»
- 21.02.2021, 18:17
Таксама пад санкцыі трапілі больш за дзесяць расейскіх кампаній.
Пад санкцыі Рады бяспекі і абароны Украіны (РНБА), якія зацвердзіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, трапіла зарэгістраваная ў Сінгапуры кампанія Sportmaster Operations Pte. Ltd. Гэта вынікае з дадатку да ўказу, апублікаванага на сайце кіраўніка дзяржавы, піша РБК.
Кампанія валодае сеткай крам спартыўных тавараў «Спортмайстра» ў Расеі, ва Украіне, у Беларусі ды іншых краінах.
«Лига.Новости» паведамляе са спасылкай на Адзіны дзяржрэестр юрыдычных асоб, што заснавальнікамі ТАА «Спортмайстар-Украіна» з'яўляюцца дзве сінгапурскія кампаніі: Sportmaster Operations Pte. Ltd (з доляй 99%) і Sport & Fashion Management Pte. Ltd. (з доляй 1%).
Згодна з указам, кампаніі забароненыя гандлёвыя аперацыі і транзіт рэсурсаў, палёты і перавозкі па тэрыторыі Украіны. У ліку іншых захадаў - забарона вываду капіталаў за межы краіны і забарона ўвозу прадукцыі Sportmaster Operations Pte. Ltd самой кампаніяй або з прыцягненнем прадстаўнікоў замежных дзяржаў. Абмежаванні будуць дзейнічаць тры гады.
На сайце «Спортмайстар» паведамляецца, што супермаркеты раздробнай сеткі размешчаныя ва ўсіх рэгіянальных цэнтрах Украіны, гіпермаркеты - у Кіеве, Дняпры і Харкаве. Агульная сетка дылерскіх і франчайзінгавых крам у краіне большая за 150. Кампанія таксама паказвае, што стварыла ў краіне больш за 1 тысячу працоўных месцаў, яе крамы штогод наведваюць больш за 10 млн чалавек.
Усяго ў санкцыйным спісе, які зацвердзіў Зяленскі, пазначаныя 19 юрыдычных асоб. У іх ліку - расейскія АТ «НПЗП Менеджмэнт», АТ «Навашахцінскі завод нафтапрадуктаў», АТ «Фармацэўт Плюс», ТАА «Дон экспарт», ТАА «ІСС-Софт», ТАА «Інда-софт», ТАА «Роўзвуд Шыпінг», ТАА «Гандлёвы дом «Данецкія вуглі», ТАА «Біятэк», ТАА «Гемаджэнікс», ГА «Медабсталяванне», ТАА «ТАСОЛ-СІНТЭЗ ТРЭЙДЫНГ», а таксама Севастопальскі дзяржаўны ўніверсітэт.