Жыхар Гомеля шаснаццаты дзень галадае ў ізалятары
- 8.02.2021, 16:04
Ён пратэстуе супраць несправядлівага арышту.
У ізалятары часовага ўтрымання ў Буда-Кашалёве шаснаццаты дзень галадае жыхар Гомеля Ігар Краўчанка. Ён пратэстуе супраць несправядлівага арышту, паведамляе «Радыё Свабода».
Пра галадоўку паведамілі ягоныя сябры, якія на днях завозілі ў Буда-Кашалёва рэчавую перадачу - бялізну і кнігі. Таксама яны перадалі Ігару ваду, сок і гарбату. У Буда-Кашалёўскім РАУС проста не адказваюць на пытанне, галадае арыштаваны ці не. Дзяжурны адказвае, што «ён мае права адмовіцца ад ежы».
25 студзеня суд Савецкага раёна Гомеля арыштаваў Ігара Краўчанку на 15 дзён. На суд з ахвотных ніхто не патрапіў. У канцылярыі постфактум сказалі, што яго асудзілі на падставе артыкула 23.34 КоАП - за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, але якой, дзе і калі - не паведамілі.
Ігара Краўчанку затрымалі ў Бабруйску, дзе ён быў у сваякоў. Тады ў Бабруйску прайшлі масавыя арышты і ператрусы.
Ён не выйшаў на волю пасля адбыцця 15-дзённага арышту. Сваякам стала вядома, што Ігару Краўчанку дадалі яшчэ 15 дзён, і прычына чарговага пакарання таксама невядомая.