BE RU EN

Кампутар, якому 2 тысячы гадоў: Навукоўцы стварылі мадэль антыкітэрскага механізму

  • 13.03.2021, 20:32

Брытанскія спецыялісты аднавілі складаную сістэму перадач пры дапамозе кампутарнага мадэлявання.

Брытанскія навукоўцы ўпершыню пабудавалі поўную кампутарную мадэль антыкітэрскага механізму. Гэтую прыладу, створаную блізу дзве тысяч гадоў таму ў старажытнай Грэцыі, называюць самым першым аналагавым кампутарам у свеце, прынцып яе дзейнасці і прызначэнне на працягу гадоў былі загадкай, перадае ВВС.

Механізм быў знойдзены ў 1901 годзе грэцкімі нырцамі па губкі, якія налучылі на рэшткі карабля, як мяркуецца, патанулага ў першым стагоддзі да нашай эры. Гэта адбылося каля выспы Антыкітэры ў Міжземным моры, таму прыладу сталі называць антыкітэрскай.

Навукоўцы мяркуюць, што механізм быў прызначаны для прадказанні руху пяці вядомых тады планет (Меркурыя, Вэнэры, Марса, Юпітэра і Сатурна), квадраў Месяца, а таксама месячных і сонечных зацьменняў. Аднак поўны прынцып яе дзейнасці заставаўся невядомым, бо захаваліся толькі 82 яе складнікі - прыкладна траціна ўсёй прылады.

Каб цалкам аднавіць прынцып дзейнасці антыкітэрскага механізму, навукоўцы з універсітэцкага каледжа Лондана (UCL) зрабілі здымкі пры дапамозе рантгену і склалі яго поўную 3D-мадэль, грунтуючыся на старажытнагрэцкіх матэматычных метадах.

У цэнтры - Зямля, а не Сонца

"Сонца, Месяц і планеты паўстаюць перад намі ў адным з самых выдатных дасягненняў старажытных грэкаў, - кажа кіраўнік навуковай групы прафесар Тоні Фрыт.- Мы здолелі ўпершыню стварыць мадэль, якая ўлічвае ўсе звесткі аб фізічным аб'екце і адпавядае тым навуковым апісанням, якія нанесеныя на сам механізм".

Да гэтага навукоўцы ўжо здолелі ўзнавіць прынцып дзейнасці задняй часткі механізму, якая лепш захавалася. Аднак складаная сістэма бронзавых перадач за пярэдняй панэллю заставалася загадкай да з'яўлення даследавання экспертаў UCL.

Як адзначае Guardian, дзейнасць старажытных астраномаў значна ўскладнялася іхнімі ўяўленнямі аб тым, што Сонца і планеты круцяцца вакол Зямлі, а не наадварот. Калі б яны абапіраліся на сучасныя веды, што планеты Сонечнай сістэмы абарачаюцца вакол Сонца, палічыць траекторыю руху асноўных нябесных цел было б нашмат прасцей.

У сваёй працы брытанскія навукоўцы таксама паспрабавалі адказаць на пытанне аб тым, наколькі карэктныя звесткі выдаваў "антычны кампутар", аднак дакладнага адказу на гэтае пытанне даць не выпала. Аўтары даследавання ў сувязі з гэтым адзначаюць: "Мы не думаем, што старажытныя астраномы валодалі здольнасцю рабіць вельмі дакладныя астранамічныя назіранні".

Акрамя таго, пакуль няясна, якім чынам старажытнагрэцкія навукоўцы здолелі вырабіць антыкітэрскі механізм пры дапамозе даступных тады інструментаў і матэрыялаў.

Guardian піша, што канцэнтрычныя кольцы, на якіх у прыладзе круцяцца нябесныя целы, мелі дзейнічаць пры дапамозе ўкладзеных адна ў адну парожніх восяў. Аднак застаецца загадкай, як старажытныя майстры здолелі вырабіць нешта такое без такарнага станка.

Чаму не зрабілі гадзіннік?

"Канцэнтрычныя трубкі ў цэнтры гэтага планетарыя - самае слабае месца маёй веры ў старажытнагрэцкія тэхналогіі, ды і ў нашу мадэль таксама, - сказаў брытанскаму выданню адзін з аўтараў даследавання Адам Войцік. - Сёння мы б ужылі такарны варштат, але нельга меркаваць, што яны маглі выкарыстоўваць яго для апрацоўкі металу".

Да канца таксама невядома, для чаго менавіта ўжываўся антыкітэрскі механізм - ці быў ён цацкай, навучальным дапаможнікам або меў нейкае іншае прызначэнне. Акрамя таго, навукоўцы не разумеюць, чаму гэтая прылада з'яўляецца ўнікальнай у сваім родзе.

"Дзіўна, што не было выяўлена або выкапана нічога нават аддалена падобнага, - кажа Войцік. - Калі яны мелі тэхналогіі, каб зрабіць антыкітэрскі механізм, то чаму ж яны не маглі выкарыстоўваць гэтыя тэхналогіі для вырабу іншых машын, такіх, напрыклад, як гадзіннік?".

Цяпер навукоўцы паспрабуюць стварыць дзейную механічную мадэль антыкітэрскага механізму пры дапамозе сучасных тэхналогій і матэрыялаў. А затым - яшчэ адну мадэль, але грунтуючыся толькі на матэрыялах і інструментах, якія былі даступныя старажытным грэкам.

Магчыма, пасля гэтага яны здалеюць атрымаць пэўныя адказы на свае пытанні.

Апошнія навіны