Названая ежа, якая з'яўляецца карыснай перад сном
- 13.03.2021, 21:22
Спецыялісты зняпраўдзілі распаўсюджанае меркаванне пра шкоду вугляводнай вячэры.
Ужыванне вугляводаў (макаронных вырабаў, каш, хлеба і да г.п.) проці ночы не шкодзіць постаці. Наадварот, дазваляе скінуць лішнія кілаграмы, а таксама знізіць рызыку развіцця цукровага дыябету і сэрцава-судзiнных захворванняў, піша сайт medicina.ua.
Ізраільскія навукоўцы аспрэчылі распаўсюджанае сярод дыэтолагаў і фітнэс-трэнераў меркаванне пра шкоду вугляводнай вячэры.
Складаныя вугляводы - гэта выдатная крыніца энэргіі. Да іх належаць цэлазерневыя хлеб, макаронныя вырабы, рыс ды іншыя крупы, а таксама бабовыя культуры. На думку навукоўцаў, дыэта, багатая на вугляводы, дае адчуванне сытасці і ўплывае на выпрацоўку гармонаў, патрэбных для здароўя сэрца. Таму яна выдатна пасуе для людзей, якія жадаюць пазбавіцца ад залішняй вагі.
Навукоўцы адабралі 78 чалавек, палова з якіх ела вугляводы на працягу дня, а другая палова - толькі на вячэру. Праз паўгода даследчыкі ацанілі ўзровень трох гармонаў: лептыну - гармону сытасці, грэліну - гармону голаду і адыпанектыну, зніжэнне якога паказвае на развіццё метабалічнага сіндрому, атэрасклерозу і цукровага дыябету.
Выявілася, што ў групе ўдзельнікаў палепшыўся гарманальны профіль. Акрамя таго, у іх паменшылася вага, абвод стану і адсотак тлушчу ў арганізме. Таму калі жадаеце скінуць лішнія кілаграмы, але не можаце пільнавацца звычайных дыэт, паспрабуйце прыслухацца да парад ізраільскіх навукоўцаў. Бо гэта мара для асоб, якія худнеюць - есці вугляводы проці ночы і становіцца больш складзістымі.
Праблема залішняй вагі - тое, з чым сутыкаюцца мільёны людзей ва ўсім свеце. Для таго, каб худнець з карысцю для арганізма, прычым так, каб залішнія кілаграмы не вярталіся, варта пільнавацца комплекснага падыходу ды ігнараваць шматлікія міфы аб пахудзенні. Апошнія даследаванні ізраільскіх навукоўцаў паказалі, што калі есці проці ночы складаныя вугляводы, постаць не пацярпіць. Гэта цалкам супярэчыць думцы большасці фітнэс-трэнераў і дыэтолагаў, але даследаванні былі пацверджаныя фактамі. А значыць, не варта адмаўляць сабе ў складаных вугляводах у вечаровы час. Вядома, у разумных межах.