BE RU EN

Блогер Андрэй Павук пацвяліў неадэкватнага вайсковага камісара з Гомеля

  • 19.03.2021, 13:10

Дыстанцыйна «яно» не адпраўляецца.

Блогер Андрэй Павук патэлефанаваў актыўнаму гомельскаму вайсковаму камісару Андрэю Крываносаву з просьбай перадаць і яму зарад бадзёрасці. Той адказаў, што дыстанцыйна і незнаёмым ён не адпраўляецца, паведамляе tut.by.

- Паслухайце, цёзка, я, вядома, гэта ўсё разумею, але дыстанцыйна гэта не адпраўляецца. Я адпраўляю толькі тым людзям, якіх ведаю, - заявіў Андрэй Крываносаў.

Пазнаёміцца дзеля гэтага з Павуком ён пры гэтым адмовіўся.

- Вы хацелі інтэрнэт адасоблены зрабіць у Беларусі, навошта? - спытаў блогер у Крываносава.

Але вайсковы камісар паведаміў, што ў працоўны час пытанні, якія не датычацца ягонай службовай кампетэнцыі, ён абмяркоўваць не будзе. Затое можа, напрыклад, адказаць на пытанні прызыву ў войска, вайскова-мабілізацыйнай працы ці воінскага ўліку.

- А вы сапраўды «ябацька»? - спытаў ваенкама блогер.

Але і на гэтае пытанне Крываносаў адмовіўся адказваць.

Нагадаем, перад тым, як адправіцца на УНС, вайсковы камісар Гомельскай вобласці Андрэй Крываносаў падзяліўся з журналістамі сваімі ідэямі. Адна з іх - зрабіць у Беларусі свой уласны інтэрнэт.

Выступіць праз ліміт часу на сходзе ваенкаму так і не ўдалося. Тады ён папрасіў атрымаць ад Лукашэнкі «зарад энэргіі» і паціснуць яму руку.

Вярнуўшыся ў Гомель, Крываносаў неадкладна перадаў «зарад энэргіі» вайскоўцам.

Андрэй Павук - блогер канала «Рудабельская паказуха», жыў у Кастрычніцкім Гомельскай вобласці. Пасля адміністрацыйнага арышту ў жніўні 2020-га з'ехаў з краіны. Цяпер жыве ў Літве.

Апошнія навіны