Як гамяльчук прагуляўся ў Дзень Волі па цэнтральнай вуліцы з нацыянальным сцягам
- 28.03.2021, 20:17
Такія людзі натхняюць і даюць зразумець, што перамога дабра над злом адбудзецца.
У сацыяльнай сетцы «ВК» 25 Сакавіка з'явілася фота хлопца з бел-чырвона-белым сцягам на плячах, які гуляе па цэнтральнай вуліцы Навабеліцкага раёна Гомеля. Хлопец прайшоў ад прыпынку 35 мікрараён да прыпынку Міжнародная блізу 1,2 км і завярнуў у двор. Падчас прагулкі ніхто з «праваахоўнікаў» маладога чалавека не затрымаў, піша «Гомельская вясна».
Праз 9 гадзін быў затрыманы Сяргей Пятроў. Яго і абвінавацілі ў прагулцы са сцягам. Ноч Сяргей правёў у ІЧУ. На наступны дзень, паводле традыцыі таемна, у судзе Навабеліцкага раёна адбылося судовае пасяджэнне, старшыняваў суддзя Зенчук. Сяргей атрымаў 15 дзён арышту паводле арт. 24.23 КоАП (былая 23.34). Блізкія і родныя даведаліся пра тое, што адбылося толькі пасля суда.
За час пратэстаў, Сяргей Пятроў, як і значная частка нашага грамадства, атрымаў штрафы і суткі паводле арт. 23.34 КоАП. Ён наведваў судовыя пасяджэнні для маральнай падтрымкі пратэстоўцаў, хадзіў «за хлебам» у пякарню, якую абяцалі закрыць з палітычных матываў. Яркім апынулася 27 жніўня ў Гомелі - кадры распылення слёзатачывага газу ў твары пратэстоўцаў, стрэлы ў паветра абляцелі інтэрнэт. Ля «Цырка» Сяргей стаяў у першых шэрагах, у счэпцы. Амапавец, як распавядае відавочца, напаў на Сяргея і зламаў яму нос. Медыцынская дапамога яму аказаная не была ні ў РАУС, ні ў ІЧУ, дзе ён быў пасля гэтых падзей. Па заканчэнні 12 дзён арышту аперацыю па ўзнаўленні формы носа стала не магчымай з прычыны страчанага часу. На заяву аб прычыненні цялесных пашкоджанняў супрацоўнікам АМАП следчы камітэт дагэтуль адказу не даў.
У лістападзе за фотаздымак, на якім супрацоўнікі Навабеліцкага РАУС «пазналі» Сяргея, яго спрабавалі асудзіць. Сяргей хадайнічаў аб выкліку сведак. Сведкі, удзельнікі гэтай фотасесіі, сцвярджалі - на фота зусім іншы чалавек. Мала таго, адзін са сведкаў прызнаўся, што абгаварыў Сяргея Пятрова пад ціскам сілавікоў. Справа была адпраўленая на дапрацоўку.
Сяргея вельмі хацелі пасадзіць праз гэту фатаграфію каля стэлы і ў гэты раз яго таксама маглі падставіць, мяркуе сястра Таццяна. Суд праведзены таемна, сваякоў не апавясцілі, сведкаў не запрасілі, а нізкая якасць відэа з камер назірання не дазваляе сцвярджаць, што гэта ён. Таццяна ўважае, што калі гэта сапраўды Сяргей, то такая пазіцыя і адстойванне сваіх прынцыпаў выклікае толькі павагу.
Аляксандра, знаёмая Сяргея, гэтак жа выказала недавер і да судоў, і да праваахоўнікаў, бо была сведкам мінулай спробы абвінаваціць Сяргея. Але ў любым выпадку, яна ўпэўненая, што шпацыр па горадзе не можа прыраўноўвацца да пікету - гэта вольнае трактаванне закона і парушае правы грамадзян.
Мама Насці Перавошчыкавай, Алена Міцына, выказваецца пра Гомель як занадта спакойны, што да пратэстаў горад. Але яркай навіной для яе стала прагулка хлопца, які накінуў на плечы сцяг у Дзень Bолі. Гэты ўчынак Алене нагадаў «Песню аб Сокале» Максіма Горкага, якую мы ўсе вучылі ў школе, і радкі: «Безумству храбрых поем мы славу! Безумство храбрых – вот мудрость жизни!». Хлопец бясстрашна шпацыраваў, шпацыраваў даволі доўга, усведамляючы. Ён ведаў, што, напэўна, яго арыштуюць, але ён гэта зрабіў. Такія людзі натхняюць і даюць зразумець, што калі б у гэты дзень знайшлося хаця б некалькі сотняў такіх, як ён, у нашым немаленькім горадзе, то перамога дабра над злом адбылася значна хутчэй, упэўненая Алена.
Учора, 27 сакавіка, сястры Таццяне ўдалася завезці перадачу ў ІЧУ, з прадуктамі дапамаглі валанцёры. Са спісу перададзенага работнікі ІЧУ выключылі апельсіны, цукеркі, каву і кнігі.