Ігар Чубайс: Пуцін загнаў сябе ў тупік
- 1.05.2021, 21:47
Улада РФ дэманструе сваю абсалютную няздольнасць.
Пастанова Следчага камітэта Расеі распачаць новую крымінальную справу ў дачыненні да апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага і супрацоўнікаў яго фондаў Леаніда Волкава і Івана Жданава паводле артыкула аб стварэнні і кіраванні грамадскай арганізацыяй, дзейнасць якой, нібыта, «звязана з насіллем над грамадзянамі або прычыненнем шкоды iх здароўю», выклікала прадказальную рэакцыю экспэртаў, паведамляе «Голос Америки».
Ігар Чубайс: «Засталося пачаць паліць кнігі...»
Прафесар Маскоўскага эканамічнага інстытута, доктар філасофскіх навук Ігар Чубайс уважае, што ўлада, дзейнічаючы неправавымі метадамі, дэманструе сваю абсалютную няздольнасць. З яго слоў, Аляксей Навальны і яго ФБК патрапілі ў самую «дзясятку», абвінаваціўшы ў карупцыі Уладзіміра Пуціна, і Крэмль ім за гэта помсціць.
«Улада не можа супрацьпаставіць аргументам апазіцыі і незадаволенасці людзей, якая расце, нічога акрамя электрашокераў, збіцця дэманстрантаў і здзекаў з Навальнага (у месцах зняволення), - падкрэсліў ён. - На мой погляд, Захад занадта млява рэагуе на беззаконне, якое чыніцца ў Расеі. Услед за асуджаным насуперак пастанове ЕСПЧ Навальным турмы прыгатаваныя дзясяткам і сотня актывістаў. Улада не збіраецца спыняцца. У краіне ўжо, фактычна, забаранілі асветніцкую дзейнасць, засталося пачаць паліць кнігі. Увогуле, мы апынуліся на самым краі прорвы».
Дзеянні ўладаў прывядуць да таго, што частка дэмакратычнага руху сыдзе ў падполле, а абывацелі паскоранымі тэмпамі пачнуць пакаваць валізкі і з'язджаць за мяжу, мяркуе Ігар Чубайс.
«Краіна коціцца ў сталінскія часы, а нармальным людзям жыць у атмасферы абсалютнага бясчынства гідка. Магчыма і з'яўленне новых форм пратэсту, куды больш радыкальных, чым цяперашнія. Абстаноўка напальваецца паўсюдна. Зразумела, што гэта спрыяе магутным сацыяльным пратэстам. Такое становішча рэчаў не задавальняе нікога, акрамя, мабыць, аднаго адзінага чалавека - Пуціна, які загнаў сябе ў тупік», - сказаў на заканчэнне прафесар.