BE RU EN

Экспэрты аб рынку новабудоўляў у Менску: Кошт танных кватэр за год абрынуўся на 4-19%

  • 21.05.2021, 14:36

Пераломны момант на рынку новабудоўляў у Менску адбыўся год таму.

Красавік 2020-га стаў апошнім з месяцаў са знакам плюс у дынаміку коштаў. Усе наступныя месяцы яны паступова зніжаліся. Як моцна патаннела жыллё ў новабудоўлях за гэты год, распавялі «Онлайнеру» спецыялісты агенцтва нерухомасці «Твая сталіца».

Апошні раз кошты нерухомасці прабілі дно ў 2017 годзе: тады яны ўпалі на 35%, або на $640 за кв. м, а колькасць новых дамоў знізілася са 130 да 90. Далей рынак паволі ажываў, і з другога паўгоддзя аформілася тэндэнцыя на павелічэнне кошту на 1% кожны месяц. Гэтаму спрыяла зніжэнне ставак па крэдытах з 30% да 15%.

Рост прадаўжаўся аж да вясны 2020-га, як раптам здарылася нечаканае: падскочыў курс даляра, а Беларусь, як і ўвесь свет, ахапіла пандэмія каранавіруса. Попыт на куплю «метраў» прыкметна знізіўся: праз страх нявызначанасці многія людзі адсунулі развязанне жыллёвага пытання на потым.

Першае адчувальнае зніжэнне коштаў на 2-5% (або на $30-50 за кв. м) адбылося ўжо ў траўні. Праўда, яно не было характэрнае для ўсяго рынку цалкам, а толькі для самага шматлікага і папулярнага сегмента - новабудоўляў класа «Стандарт». Ды і з'яўлялася хутчэй следствам кропкавых акцыйных прапаноў на пэўныя кватэры, напрыклад, трохпакаёўкі вялікай плошчы або жылплошчы, размешчаныя на першых паверхах.

Кошты танных кватэр упалі, а вось кошт дарагіх амаль не змяніўся

Калі верыць статыстыцы, агулам кошты на першасным рынку нерухомасці за апошні год знізіліся на 8%. Але гэтая лічба можа быць нашмат вышэйшай у некаторых сегментах. Напрыклад, найбольшая прасадка кошту прасочваецца ў новабудоўлях класа «Эканом» і «Стандарт» - ад 4 да 19%. У «Камфорта» роскід меншы, але затое больш цікавы: аднапакаёўкі падаражэлі на 1%, а трозпакаёўкі патаннелі на 10% і ніжэй. У сегменце «Прэстыж» амаль нічога не змянілася, ваганні адбываюцца ў межах пары адсоткаў.

- Падзенне мае розныя прычыны. Напрыклад, у класе «Эканом» яно адбылося праз з'яўленне вялікай колькасці прапаноў у «Мінск-Міры» коштам, істотна ніжэйшым за сярэдні па рынку, а не праз змяншэнне кошту ўжо прадаваных новабудоўляў. Многія пакупнікі, якія разглядалі да гэтага прыгарадныя жылыя комплексы, пераарыентавалася на дамы ў межах вуліцы Аэрадромнай, - адзначае экспэртка Наталля Жалава.

У сегменце «Камфорт» зніжэнне тлумачыцца сыходам з рынку дарагіх праектаў. Ды і наогул кошты тут заўсёды зменлівыя праз вялікі роскід у плошчах кватэр (ад 31 кв. м да 386 кв. м).

- Жыллё ўзроўню «Прэстыж» - найбольш дарагое з прадстаўленых, а да таго ж і самае малалікае: са 144 новабудоўляў усяго 14 можна аднесці да гэтага тыпу. Дзякуючы высокаму кошту і вялікім плошчам кватэр (у аднапакаёвых сярэдні памер - 52 «квадраты», двухпакаёвых - 81 «квадрат», трохпакаёвых - 110 «квадратаў»), такое жыллё карыстаецца попытам у забяспечаных людзей, якія звяртаюць увагу не на колькасць нулёў, а на месцазнаходжанне і якасць будаўніцтва (планіроўку, будучае тэхнічнае абсталяванне і т. п.). Таму і попыт на такія дамы ў меншай ступені схільны да ваганняў на фоне эканамічнай нестабільнасці. Гэта і тлумачыць адсутнасць якога-небудзь істотнага зніжэння коштаў за апошні год, - тлумачыць яна.

Спецыялісты прызнаюцца: вызначыць аб'ектыўны ўзровень коштаў складана, бо на іх ўплывае не толькі клас якасці і лакацыя дома, плошча і колькасць пакояў у кватэры, але і стадыя гатоўнасці будынка. У пачатку і ў канцы будаўніцтва кошт адной і той жа жылплошчы можа павялічыцца на 20%.

- Летась у продажы было 110 новабудоўляў і ўсе яны штомесяц прасоўваліся па сваіх этапах гатоўнасці, так што сярэдняя цана квадратнага метра нават па класах якасці змянялася ад месяца да месяца і часцяком была неінфарматыўнай, - запэўнівае Наталля Жалава.

На думку Наталлі, найбольш паказальным у плане рынкавага цэнаўтварэння з'яўляецца самы шматлікі сегмент - «Стандарт», да якога цяпер належыць блізу 80% новабудоўляў.

Апошнія навіны